Паказаць гісторыю з найлепшага боку

2017-09-07

Сацыякультурны праект ВЕХА (VEHA), які працуе з архіўнай фатаграфіяй і аднаўленнем сямейных архіваў, прэзентуе сваю дэбютную даследчую фотакалекцыю «Найлепшы бок». Выстава адбудзецца ў межах праекту «Месяц фатаграфіі ў Мінску».

Галоўная мэта праекту ВЕХА – заахвоціць кожнага зразумець шлях, які прайшлі яго продкі, і знайсці адлюстраванне асабістай гісторыі ў сваім сямейным архіве. Мы хочам высветліць: ці могуць старыя фотаздымкі і тыя, што ідуць ім на змену, быць карысным рэсурсам для развіцця сацыяльнай самасвядомасці і стрыжнем нашай ідэнтычнасці? Пацверджаннямі чаго яны могуць быць? Якія пытанні мы маглі б ім задаць і да якіх адказаў мы павінны быць гатовыя?

Выстава ахоплівае тэму фатаграфавання «асаблівых момантаў», параўнальных з святочнымі падзеямі, асабліва значных у жыцці чальцоў сям’і і таму аздобленых згодна з уяўленнямі гэтай сямейнай супольнасці. У межах выставы ВЕХА акцэнтуе ўвагу гледача на тканых посцілках, дыванах, ручніках, абрусах, капах як своеасаблівай і яскравай з’яве ў сямейнай, святочнай і паўсядзённай фатаграфіі беларусаў першай паловы 20 стагоддзя. Неабходнасць рэпрэзентацыі свайго жыцця іншым людзям змяшчаецца ў тым, што гэтыя іншыя могуць скласці пра нас і аб нашым ладзе жыцця памылковыя і няпоўныя ўражанні. Таму гэтыя дэкаратыўныя рэчы акрамя бытавога ўжывання служаць дадатковым выразам святочных пачуццяў, узмацняльнікам хатняга культу, якія сямейная група дорыць сабе.

Выстава архіўных фатаграфій, падрытаваная праектам ВЕХА, працуе ў наступным рэжыме:

06.09.2017 — 06.10.2017

Галерэя «Сталоўка XYZ»
Фабрыцыўса 4, паверх 3
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх. Тэлефон: +375 44 582 92 29

Даведацца больш аб гэтам праекце можна будзе на прэзентацыі, што адбудзецца 15.09.2017 у Галерэі «Сталоўка XYZ» а 19-ай. Уваход вольны

Куратар выставы: Ганна Бундзелева

У экспазіцыі выкарыстоўваюцца фотаздымкі з сямейных архіваў Аляксея Сергіені, Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музею і Беларускага архіву вуснай гісторыі.

У афармленні матэрыяла выкарыстаны фотаздымак з калекцыі БАВГ.

Паводле mfm.by

Каментары да навіны: