Дзеці, якія перажылі Халакост (дапоўнена)

2017-10-16

Да сумнай гадавіны ліквідацыі Мінскага гета Клуб вуснага гісторыка падрыхтаваў адмысловае паседжанне, прысвечанае лёсам дзяцей, якія перажылі Халакост.

Гэтым разам у межах Клуба мы будзем абмяркоўваць тое, як жа дзецям, якія часта заставаліся без бацькоў удалося выжыць у крытычных абставінах. Якія стратэгіі яны выкарыстоўвалі, да каго звярталіся па дапамогу.

Вельмі часта дзеці мусілі клапаціцца не толькі кожны пра сябе: старэйшыя апекаваліся малодшымі, увесь цяжар адказнасці пасля забойства бацькоў клаўся на іх плечы. Яны сталелі занадта рана, але пры гэтым усё адно заставаліся дзецьмі са сваім светапоглядам, успрыняццем і разуменнем рэальнасці. Таму тут паўстае важнае і складанае даследчае пытанне: як нам працаваць з гэтымі ўспамінамі, якім чынам інтэрпрэтаваць і чым істотна адрозніваюцца ўспаміны дзяцей і дарослых пра адны і тыя ж падзеі.

Адсюль вынікае і адукацыйны выклік: якім чынам сучасным дзецям расказваць пра Халакост? Якім чынам утрымаць баланс між празмернай эмацыйнасцю і аб’ектыўнасцю? У якім узросце лепш расказваць пра гэтыя трагічныя падзеі і канешне, як адказаць на пытанне «А чаму немцы забівалі габрэяў?»

У абмеркаванні прымуць удзел гісторыкі ды адукатары Ірына Кашталян, Кузьма Казак, Ірына Махоўская, Андрэй Мастыка, Ала Сідаровіч ды ўдзельнікі сёлетняй экспедыцыі «Мінскае гета».

Сустрэча адбудзецца 20 кастрычніка ў 18.30 у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25). Уваход вольны.

Каментары да навіны: