Дзеці мусяць ведаць, што такое Халакост

2018-01-29

Першае ў гэтым годзе паседжанне Клуба вуснага гісторыка было прысвечана вельмі важнай праблеме школьнай адукацыі: замоўчванню гісторыі Халакосту і пошуку выйсця з гэтай сітуацыі.

Гісторыкаў і настаўнікаў даўно бянтэжыць выкладанне вайны ў школьных падручніках увогуле і тэмы Халакосту ў прыватнасці. І каб гэтая праблема не падавалася надуманай, у пачатку паседжання прысутным быў паказаны ролік, зроблены ў Беларусі. Мінакам задавалася простае пытанне: што такое Халакост. «Не ведаю» – самы часты адказ людзей рознага веку.

І тут няма чаму здзіўляцца, бо падручнікі зацята маўчаць пра Халакост. «На 50 старонках прысвечаных вайне, тэма знішчэння габрэяў займае 5 сказаў. У адным з двух падручнікаў ёсць слова «генацыд». Паняцця «халакост» няма ў ніводным», – канстатуе дырэктарка Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян, трымаючы ў руках кнігі для 10 і 11 класаў.

Менавіта недастатковае асвятленне трагедыі стала галоўным матывам для калектыву педагогаў, якія разам з Ірынай Кашталян пачалі распрацоўку навучальнага комплексу, прысвечанага гісторыі Халакосту.

На паседжанні прысутныя маглі пазнаёміцца з першымі распрацоўкамі спецыялістаў: шасцю карткамі для пазакласнай працы з настаўнікам.

«Мы паспрабавалі пабудаваць усе матэрыялы карткі вакол нейкага артэфакта, – зазначае Ірына Кашталян, – у мяне, напрыклад, гэта фотакартка 10 класа нямецкай гімназіі для габрэяў, усе дзеці якога былі прывезеныя ў Трасцянец і забітыя».

Падыход настаўнікаў уражвае: на картках не шмат лічбаў, якія так цяжка ўспрымаюць дзеці, затое ёсць вытрымкі з газет, успаміны сведкаў Халакосту, шмат творчых заданняў, заданняў на разважанне і аналіз.

Матэрыялы яшчэ будуць дапрацоўвацца і правярацца, наперадзе настаўнікаў чакае некалькі дыскусій, пакуль карткі пабачаць вучні.

Ёсць спадзеў, што пасля такога навучання дзеці будуць ведаць пра Халакост і зробяць правільныя высновы. У кожным разе, ініцыятыва па стварэнні гэтага метадычнага комплексу вартая вялікай удзячнасці і пахвалы. 

Каментары да навіны: