Розныя войны: ад канфрантацыі да дыялогу

2018-01-31

Памяць пра Другую сусветную вайну займае цэнтральнае месца ў культуры памяці сучаснай Беларусі. У школьных курсах «Гісторыі Беларусі» і «Сусветнай гісторыі» прапануецца пэўная інтэрпрэтацыя гісторыі Другой сусветнай вайны, якая за межамі школьнай гістарычнай адукацыі атрымлівае публічную падтрымку або крытыкуецца. Усе сённяшнія спрэчкі аб вобразах гісторыі Другой сусветнай вайны звязаны з сацыяльным, палітычным і культурным кантэкстамі, аналіз якіх, акрамя непасрэднага звароту да мінулага, таксама неабходны.

Выстава “Розныя войны: нацыянальныя школьныя падручнікі гісторыі пра Другую сусветную вайну”, якая зараз упершыню выстаўляецца ў Беларусі, прадстаўляе навучальныя выданні для школьнікаў шасці краін – Расіі, Германіі, Італіі, Чэхіі, Польшчы і Літвы. Яна ілюструе культуры памяці розных куткоў Еўропы і правакуе пачаць размову і пра стан цяперашніх беларускіх падручнікаў па гісторыі, пра адлюстраванне ў іх тэмы апошняй вайны. Для нас актуальна зразумець ці моцна адрозніваецца наша бачанне гэтых падзей ад суседзяў, а таксама як выбар пэўных сюжэтаў па тэме ўплывае на сістэму каштоўнасцяў маладога пакалення, іх успрыняцце мінулага. 

У ходзе дыскусіі мы абмяркуем некалькі пытанняў:

1) Што можна ў цэлым сказаць аб прапанаванай у школьных падручніках Беларусі інтэрпрэтацыі гісторыі Другой сусветнай вайны: ці з'яўляецца яна прадуктам грамадскага кансенсусу, ці прытрымліваецца савецкай мадэлі памяці пра вайну ці прапануе новае бачанне? Наколькі гэтая інтэрпрэтацыя «супадае» з тым, як распавядаюць аб гісторыі вайны ў суседніх краінах?

2) Якія версіі разглядаемых на выставе з'яў, падзей і фактаў (падпісанне пакта аб ненападзе, праблема Халакосту, праблема ахвяр вайны, гвалтоўнай палітыкі і пасляваеннай памяці) прапаноўваюцца ў школьным курсе гісторыі ў Беларусі і чаму?

3) Ці з'яўляецца культура памяці аб вайне ў Беларусі часткай агульнаеўрапейскай культуры памяці, і чым нам карысны дыялог гісторыкаў Еўропы аб падзеях Другой сусветнай вайны?

Выступоўцы:

Андрэй Кіштымаў (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі)

Кузьма Козак (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт)

Сяргей Новікаў (Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт)

Сяргей Паноў (Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы)

Мадэратары: Аляксей Братачкін, Ірына Кашталян

 

За паўгадзіны да мерапрыемства па выставе «Розныя войны» будзе праведзена невялікая экскурсія.

 

Месца і час правядзення: 

3 лютага (субота) 2018 г., 15.00

Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, г. Мінск, вул. Сухая, 25

 

Арганізатары мерапрыемства: ECLAB, Гістарычная майстэрня ім. Л.Левіна, Беларускі архіў вуснай гісторыі

Каментары да навіны: