Абвешчаны конкурс «Гісторыя па-за кадрам»

2018-02-07

Далёка не кожны школьнік, які мае выдатныя адзнакі па гісторыі Беларусі, ведае падрабязнасці гісторыі сваёй сям’і. І гаворка тут не пра сем пакаленняў – пра ХХ стагоддзе. Сучаснаму школьніку можа стацца неверагодным фактам, што звыклыя сёння джынсы, яшчэ якіх 30-40 гадоў таму былі дэфіцытам, а каляровы тэлевізар з’явіўся ў сем’ях усяго толькі ў 1960-х. Таму прызнаемся – гісторыя побыту ў Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя з’яўляецца маладаследаванай. Аднак мы можам даведацца пра яе ад непасрэдных сведак часу.

Важнай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца тагачасныя фотаздымкі і ўспаміны. Сучаснікі тых падзей маюць поўнае права перадаць нам і ўласнае бачанне гісторыі. Іх успаміны дазваляюць паглядзець на гістарычныя падзеі вачыма канкрэтнага чалавека ў кантэксце свайго жыцця, побыту і ўлічыць яго стаўленне да тых ці іншых змен у грамадстве, супольнасці.

На пазнанне найноўшай гісторыі скіраваны і конкурс «Па-за кадрам: ад гісторыі сям’і да гісторыі супольнасці», які праводзіцца Прадстаўніцтвам зарэгістраванага аб’яднання «Deutscher Volkshochshul-Verband e.V» (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь у супрацоўніцтве з МГА «Гісторыка» ў рамках праекта «Конкурсы па гісторыі ў Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіне» пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі. Храналагічныя рамкі конкурсу абмежаваны перыядам гісторыі Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя (1945-1991 гг.)

Да ўдзелу запрашаецца моладзь ад 16 да 25 гадоў. Удзел у конкурсе могуць прымаць: старшакласнікі, навучэнцы, студэнты розных навучальных устаноў, маладыя спецыялісты, маладыя актывісты НДА, маладзёжных клубаў, навучальных гурткоў, секцый і г.д. На конкурс прымаюцца як індывідуальныя работы, так і групавыя (група не больш за 4-5 чалавек).

Каб прыняць удзел у конкурсе, неабходна на аснове фотаздымка ці серыі фотаздымкаў з сямейнага (публічнага) архіва і інтэрв’ю (гутаркі са сведкам падзей і з’яў, адлюстраваных на фота) падрыхтаваць даследчую работу.

Даследчыя работы могуць быць прысвечаны розным тэмам, у тым ліку адлюстраванню побыту і штодзённага жыцця, сямейным і мясцовым традыцыям і ўрачыстасцям, традыцыі талакі, адукацыі і кар’еры, баўленню вольнага часу, рэлігійнаму жыццю. Важна, што ўдзельнікі могуць не абмяжоўвацца прыкладным пералікам тэм і прапаноўваць сваю!

Конкурсная работа павінна ў абавязковым парадку ўключаць у сябе наступныя электронныя дакументы: заяўка ўдзельніка; даследчая работа – яна можа быць прадстаўлена ў выглядзе эсэ (тэкставай файл) або мультымедыйнай прэзентацыі; а таксама дадаткі, куды ўваходзяць электронная (ыя) копія (і) фотаздымка (ў) – не больш за 5, – на аснове якога (іх) была зробленая работа, інтэрв’ю з рэспандэнтам (амі) – могуць быць у выглядзе тэкставых, аўдыё, відэа файлаў, запоўненая анкета рэспандэнта

Для ўдзелу ў конкурсе маюцца даволі простыя патрабаванні: для эсэ (тэкставай работы) мінімальны памер складае 2-3 старонкі (5.000 знакаў без прабелаў), максімальны памер 4-5 старонак (10.000 знакаў без прабелаў). Для мультымедыйнай прэзентацыі агульная колькасць слайдаў 15-25.

Падрыхтаваць сваю работу можна на беларускай або рускай мовах і даслаць на электроны адрас pazakadram@gmail.com. з абавязковай пазнакай «На конкурс». 

Спампаваць Палажэнне і ўзор заяўкі

ПРАЦЫ ПРЫМАЮЦЦА ДА 05.05.2018 г.!

Пераможцы і іх куратары (кіраўнікі) атрымаюць каштоўныя прызы і дыпломы. Лепшыя працы будуць прадстаўлены на цырымоніі ўзнагароджання, а аўтары найлепшых даследчых работ запрошаныя ў Германію на міжнародны маладзёжны летнік.

Дадамо, што гісторыя гэта не толькі школьны прадмет – яна паўсюль. Свет, у якім мы жывём, краіны, супольнасці, сем’і і нават нашы ўласныя жыцці аказваюцца пад уплывам гісторыі. Прымаючы ўдзел у конкурсе, можна не толькі пашырыць свае веды па гісторыі, але таксама атрымаць больш глыбокае разуменне аспектаў развіцця гісторыі найноўшага часу, а разам з гэтым авалодваць карыснымі навыкамі – такія як самаарганізацыя, пошук, структураванне, ацэнка і прэзентацыя інфармацыі.

Каментары да навіны: