Фотакрыніцы і «бачанне» гісторыі, якое яны ствараюць

2018-02-13

Чарговая сустрэча ў Клубе вуснага гісторыка будзе прысвечана фатаграфіям ды іх ролі ў гісторыі.

Сямейныя фотаальбомы ці проста аматарскія здымкі розных часоў захоўваюць шмат цікавых звестак. Гэта не толькі візуальная інфармацыя аб рэчах, побыце, модзе і аздабленне інтэр’ераў. Кожны з фотаздымкаў мае рысы, характэрныя для свайго часу. Таму фатаграфія з’яўляецца вельмі каштоўнай гістарычнай крыніцай.

Фотаздымак здольны не проста перадаваць інфармацыю, але і фармаваць меркаванне, стаўленне да нейкай падзеі ці асобы. Таму вельмі важна навучыцца глядзець на фота крытычна.

Гэтым разам на сустрэчы будзе шмат гасцей, якія падзеляцца сваім  досведам працы з рознымі выявамі. Напрыклад, Леся Пчолка (праект «Веха») распавядзе пра гісторыю фатаграфіі наагул у Беларусі, асаблівасці фота і фатаграфавання ў розныя перыяды гісторыі, пра сямейныя архівы ды іх вартасць. Кастусь Антановіч  патлумачыць, чаму лепей не толькі разгледзець фотаздымак, але яшчэ і пагутарыць з яго ўладальнікам. Нарэшце, Аляксандр Далгоўскі правядзе майстар-клас для прысутных, на якім навучыць глядзець на фотаздымак як прафесійны гісторык.

Сустрэча адбудзецца 21 лютага ў 18.30 па адрасе: вул. Сухая, 25 (Гістарычная майстэрня). Уваход вольны.

У 18.00 перад паседжаннем Ірына Кашталян правядзе кароткую экскурсію па выставе «Розныя войны», гэтым разам звяртаючы ўвагу на фотаздымкі. Хто яшчэ не бачыў экспазіцыю – варта паспяшацца, хутка яна зачыніцца.

Каментары да навіны: