«Асаблівасці пераўтварэння месцаў масавага знішчэння ў мемарыялы ва Усходняй Еўропе»

2018-02-26

28 лютага ў 19:00 у Гістарычнай майстэрні (вул. Сухая, 25) пройдзе лекцыя Уве Ноймеркера "Асаблівасці пераўтварэння месцаў масавага знішчэння ў мемарыялы ва Усходняй Еўропе" з перакладам. Мадэратар сустрэчы -- гісторык Аляксандр Далгоўскі.

22 чэрвеня 1941 г. Германія і яе саюзнікі напалі на Савецкі Саюз, не хаваючы, што развязаная вайна будзе вайной на знішчэнне. З першага дня акупацыі айнзацгрупы паліцыі бяспекі і службы бяспекі (СД) СС, падраздзяленні нямецкай паліцыі і войскаў СС, іх памагатыя з ліку мясцовага насельніцтва масава расстрэльвалі функцыянераў камуністычнай партыі і яўрэяў-мужчын, а з канца ліпеня таксама жанчын і дзяцей яўрэйскай нацыянальнасці. Да канца 1944 г. у Савецкім Саюзе было забіта звыш двух мільёнаў яўрэяў - больш за траціну ўсіх ахвяраў Халакосту. Ахвярамі гэтых злачынстваў сталі таксама каля 30 тысяч рома (цыган) і 17 тысяч пацыентаў псіхіятрычных устаноў.

Пасля заканчэння вайны ў некаторых населеных пунктах, нярэдка па ініцыятыве прыватных асоб, былі ўсталяваныя памятныя знакі; у надпісах на помніках забітыя яўрэі амаль ва ўсіх выпадках значыліся як «мірныя савецкія грамадзяне». Аднак большасць масавых пахаванняў яўрэяў і рома дасюль не пазначаны альбо абазначэнні, якія існуюць, не адпавядаюць сапраўдным памерам пахаванняў. Мэтай праекта «Захаваць памяць», які ажыццяўляецца фондам «Помнік забітым яўрэям Еўропы», з'яўляецца стварэнне годных мемарыялаў і інфармацыйных цэнтраў на месцах забытых ці закінутых масавых пахаванняў ва Украіне.

Гэтым мерапрыемствам заканчваецца экспанаванне выставы "Розныя войны: школьныя падручнікі аб Другой сусветнай вайне". За паўгадзіны да пачатку будзе праведзеная апошняя невялікая экскурсія па выставе. 


Уве Ноймеркер нарадзіўся 7 верасня 1970 году ў Берліне, вывучаў славістыку, германістыку і гісторыю ў Берліне і Маскве. У 1997-98 працаваў у выдавецтве Ch. Links (Берлін) у сферы дызайну, рэдагавання і сувязяў з грамадскасцю. У 2000-01 працаваў мэнэджарам па культуры Інстытута міжнародных адносін (Штутгарт) для нямецкай меншасці ў Мемелі (Літва). З сакавіка 2002 года навуковы супрацоўнік фонду Мемарыял забітых яўрэяў Еўропы, з восені 2003 года адказны за працу з прэсай і  грамадскасцю. З верасня 2005 па чэрвень 2009 года выканаўчы дырэктар, з ліпеня 2009 года дырэктар Фонду; з лістапада 2015 па сакавік 2016 часовы кіраўнік Фонду Flucht, Vertreibung, Versöhnung (Уцёкі, Выгнанне, Прымірэнне).

Манаграфіі: »Wolfsschanze. Hitlers Machtzentrale im Zweiten Weltkrieg« (1999/2008) і »Görings Revier. Jagd und Politik in der Rominter Heide« (2007/08)

Публікацыі па тэмах: Усходняя Прусія, Літва і нацыянал-сацыялізм

Каментары да навіны: