Прэзентацыя кнігі “Прамоўленая гісторыя” (Відэа)

2018-03-21

Чарговая сустрэча Клуба вуснага гісторыка праходзіла ў фармаце прэзентацыі кнігі “Прамоўленая гісторыя. ХХ ст. у памяці жыхароў беларускай вёскі”. Вольга Іванова, аўтар выдання, не проста прадставіла агульны змест і ідэю сваёй кнігі. Прысутным была патлумачаная тэарэтычная методыка біяграфічнага аналізу вусных успамінаў і на прыкладзе прадэманстравана праца з канкрэтным аўтабіяграфічным наратывам. Для аналізу была абраная гісторыя Ганны Цэван – беззямельнай сялянкі з палескай вёскі, якая здолела стаць старшынёй сельскага Савета.

На прыкладзе прамоўленай аўтабіяграфіі  Ганны Цэван  аўтарка даследавання паказала, якім чынам у расповедзе сялянкі-калгасніцы  раскрываюцца тыповыя і ўнікальныя сюжэты беларускай гісторыі  мінулага стагоддзя.

У пачатку сустрэчы выступіла рэцэнзентка кнігі Вольга Лабачэўская, якая ацаніла навуковыя вартасці выдання, падкрэсліла ўнікальныя і наватарскія падыходы, выкарыстаныя яе аўтаркай.

Цалкам пазнаёміцца з ходам сустрэчы можна па сродкам відэаверсіі мерапрыемства:

 


Кніга “Прамоўленая гісторыя. ХХ ст. у памяці жыхароў беларускай вёскі” з’яўляецца адной з першых спроб паказаць гісторыю Беларусі ХХ ст. скрозь прызму вусных успамінаў жыхароў беларускай вёскі. У ёй асабістасць падзей, трагічнасць лёсаў і індывідуальнасць ацэнак выходзяць на першы план, а гістарычныя падзеі з’яўляюцца кантэкстам. Даследаванне, скіраванае на вывучэнне індывідуальнай і калектыўнай ідэнтычнасці, а таксама рэканструкцыю калектыўнай памяці, складаецца з дзвюх частак. У першай, прамоўленыя ўспаміны прадстаўляюць вынікі даследавання па рэканструкцыі індывідуальных наратываў і жыццёвых гісторый, а таксама паўстаюць крыніцай для наступнага біяграфічнага аналізу. Другая частка прысвечана рэканструкцыі асноўных сюжэтаў вуснай гісторыі беларускіх вяскоўцаў у ХХ ст.

 

Каментары да навіны: