Прэзентацыя праекта "Беларускія остарбайтэры"

2018-05-03

6 траўня ў 16.00 у Гродна ў будынку Вялікай харальнай сінагогі (вул. Вялікая Траецкая, 59А) адбудзецца прэзентацыя фільма і фотавыставы, створанай у рамках праекта "Беларускія остарбайтэры", які рэалізуецца МГА "Гісторыка" (Беларускі архіў вусновай гісторыі) сумесна з DOM - deutsch-russisches Haus fur Begegnung, Bildung und Kultur in Landshut e.V., deutsch-belarussische gesellschaft e.V. (dbg) пры падтрымцы фонду Erinnerung, Verantwortung und Zukunft.

Фільм і фотавыстава прэзентуюць гісторыі і партрэты жывых сведак Другой сусветнай вайны – людзей, якія былі вывезены з Беларусі ў Нямеччыну на прымусовыя працы. Большасць з іх мае горкі і траўматычны жыццёвы досвед: перажыўшы сталінскі тэрор 1930-х, нямецкі акупацыйны рэжым, прымусовае выгнанне ў Нямеччыну, яны сталі ізгоямі ў паваенным Савецкім Саюзе. У большасці выпадкаў, афіцыйная прапаганда расцэньвала іх не як "ахвяр вайны", а як "памагатых гітлераўскай Германіі". Толькі праз больш як 70 гадоў яны пачынаюць казаць пра гэта адкрыта.

Фільм створаны на падставе сапраўдных відэа інтэрв'ю сведак часу, якія былі сабраны і запісаны падчас экспедыцый Беларускага архіва вуснай гісторыі ў межах праекта. Гэта ўнікальныя гісторыі рэальных людзей, якія дазваляюць кожнаму гледачу скласці сваё меркаванне пра прымусовую працу ў гады Другой сусветнай вайны і лёсах былых нявольнікаў.

У падрыхтоўцы выставы бралі ўдзел: фатографы Павел Сітнік, Кірыл Цярэшка, Алесь Лапо, дызайн і апрацоўка - Алекс Ліцін, Андрэас Лінэман. Рэжысёр і сцэнарыст фільма - Алесь Лапо.

Каментары да навіны: