Прэзентацыя фільма "Беларускія остарбайтары"

2018-06-07

Тэрмін "остарбайтар", які зараз шырока выкарыстоўваецца ў навуковым і публіцыстычным асяродку, у перакладзе з нямецкай мовы азначае “усходні рабочы”. Гэты тэрмін быў уведзены нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны для абазначэння савецкіх грамадзян, якія былі адпраўлены на прымусовыя работы ў “трэці райх”.

Згодна з нацысцкай ідэалогіяй расізму, грамадзяне Савецкага Саюза, знаходзіліся на самай нізкай прыступцы ў іерархіі грамадзянскіх замежных рабочых у райху. У шэрагу дыскрымінацыйных законаў зацвярджалася цэлая сістэма абмежаванняў і бяспраўнага стану “остарбайтараў”. Гэта і забарона выходзіць за межы працоўнага лагера, недастатковае харчаванне, ці забарона харчавацца за адным сталом з немцамі ў прыватнай гаспадарцы, забарона стасункаў з іншымі рабочымі, забарона з'яўляцца ў грамадскіх месцах, неабходнасць насіць апазнавальны знак "Ост" і інш. Каб падкрэсліць дыстанцыю ад сэнсу, які ўкладалі ў гэта абазначэнне нацысты, пры напісанні “остарбайтар” ці “остарбайтарка” выкарыстоўваюцца двукоссі.

“Остарбайтары” заставаліся дыскрымінаванай групай і пасля вызвалення і вяртання на радзіму. Сам факт знаходжання ў Германіі падчас вайны станавіўся стыгмай і, як правіла, трагічна ўплываў на далейшае жыццё чалавека. Ступень дыскрымінацыі ў савецкі час не ў апошняй ступені залежаў ад таго, якія амбіцыі меў чалавек. Так, паступленне ва ўніверсітэт, уступленні ў КПСС, ці атрыманні высокай пасады такім людзям адмаўлялася: савецкая ўлада лічыла іх небяспечнымі і нядобранадзейнымі.

Вяртанне памяці пра прымусовых рабочых адбылося ўжо з распадам Савецкага Саюза і пачаткам выплат кампенсацый з боку нямецкага ўраду ў 1990-я гг., калі гэтыя людзі атрымалі магчымасць свабодна і адкрыта распавядаць пра свой складаны лёс.

Жыццёвыя цяжкасці і трагічныя перажыванні ў іх успамінах пачынаюцца звычайна значна раней моманту пачатку Вялікай айчыннай вайны і вывазу ў Германію. Былыя “остарбайтары” былі  сведкамі калектывізацыі, савецкіх рэпрэсій ды голаду 30-х гадоў, а таксама пачатку Другой сусветнай вайны і далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 г.

Пра складаны жыццёвы досвед і трагедыю прымусовага выгнання на працу рэжысёрам Алесем Лапо была знята дакументальная стужка “Беларускія остарбайтары”, якая была падрыхтаваная ў межах даследчага праекта Беларускага архіва вуснай гісторыі сумесна з нямецкімі партнёрамі. 

29 мая наведвальнікі Клуба вуснага гісторыка змаглі паглядзець гэты фільм і паўдзельнічаць у размове з каардынатарам праекта "Беларускія остарбайтары" гісторыкам Андрэем Мастыкам. Падчас сустрэчы былі ўзнятыя некаторыя аспекты, уласцівыя гісторыі прымусовых рабочых у беларускіх кантэксце Другой сусветнай вайны: спецыфіка вопыту “остарбайтараў” у адрозненні ад іншых сведак і ўдзельнікаў вайны, іх месца ў сучаснай гістарычнай памяці, самаідэнтыфікацыя гэтай групы ахвяр.

Каментары да навіны: