Прэзентацыя кнігі Аляксандра Смаленчука “Раман Скірмунт"

2018-11-12

Запрашаем на прэзентацыю кнігі “Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю”, аўтарам якой з’яўляецца выбітны гісторык Аляксандр Смаленчук – заснавальнік і навуковы кансультант нашага праекта.

Аповед пра жыццё і смерць Рамана Скірмунта запрашае даследчыка і чытача да размовы пра лёс Беларусі і Польшчы ў ХІХ–ХХ ст., пра ролю «польскага чынніка», а таксама суадносіны нацыянальнага і сацыяльнага ў айчыннай гісторыі, пра драму літоўскіх і беларускіх палякаў у эпоху этнакультурнага нацыяналізму, пра краёвую ідэю і краёўцаў як апошніх грамадзян Вялікага Княства Літоўскага, іх пошукі новай Радзімы, а таксама пра гісторыю шляхты гістарычнай Літвы ў перыяд кардынальных сацыяльных пераўтварэнняў.

Адначасна гэты жыццяпіс ўздымае праблему сутнасці беларускай ідэі і яе папулярнасці, зноўку ставіць пытанні пра адзінства беларускага руху і ролю г. зв. «чалавечага фактара» ў палітычным і культурным Адраджэнні ХХ ст., пра шансы адстаяць незалежнасць БНР у 1918 г. і тым самым далучыцца да супольнасці еўрапейскіх дзяржаў як “вольная з вольнымі і роўная з роўнымі”.

 

Даследаваннем асобы Рамана Скірмунта і ягонай палітычнай і гаспадарчай дзейнасці займаецца больш за 20 гадоў. Аўтар збіраў звесткі ў архівах Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Расеі, Украіны, Літвы і Латвіі. Апроч таго аналізаваў тэксты ягоных кніг і шматлікіх публікацый у перыядычным друку Расеі, БНР і Польшчы 1900-1930-х гг.

Кніга напісаная ў жанры гістарычнай біяграфістыкі. Асаблівасцю з’яўляецца ўключэнне ў аналітычны тэкст фрагментаў гістарычных дакументаў, публіцыстыкі Рамана Скірмунта і ягоных прамоваў.


Прэзентацыя адбудзецца 15 лістапада а 18-й гадзіне ў канферэнцыйнай залі гатэля “Манастырскі“  з удзелам аўтара Аляксандра Смалянчука і іншых беларускіх гісторыкаў, правядзе сустрэчу Таццяна Вадалажская.

Каментары да навіны: