Навучальны дапаможнік "(Не)забытыя ахвяры вайны"

2020-05-25

21 мая 2020 г. прайшла анлайн прэзентацыя дыдактычнага дапаможніка «(Не)забытыя ахвяры вайны»  для школьнікаў і настаўнікаў, з дапамогай якога яны змогуць паглядзець на індывідуальныя гісторыі ахвяр вайны, формы іх пераследу праз прызму Ўсеагульнай дэкларацыі праў чалавека.

2020 год з’яўляецца знакавым для асэнсавання не толькі гістарычных падз ей, звязаных з 75-годдзем Перамогі, вызваленнем вязняў нацысцкіх канцлагераў, але і таго, якім чынам чалавецтва можа абараніць сябе ад пагрозы паўтору страшнай трагедыі, якая адбылася ў ХХ ст.

Дыдактычны дапаможнік «(Не)забытыя ахвяры вайны» прапануе па-новаму паглядзець на падзеі Другой сусветнай вайны, якія істотна паўплывалі на беларускае грамадства. Зірнуць на гэта вачыма простых людзей, на чыю долю выпалі страшныя выпрабаванні, а таксама праз прызму Ўсеагульнай дэкларацыі праў чалавека. Яна паказвае нам на магчымыя формы пераследу і злачынстваў супраць чалавечнасці. Гэты дакумент быў прыняты ў 1948 г., каб у будучыні абараніць сусветную супольнасць ад злачынстваў, падобных нацысцкім, і застаецца кіраўніцтвам да дзеяння дагэтуль.

Краевугольныя камяні дапаможніка – жыццёвыя гісторыі былых ахвяр нацызму, іх успаміны, гістарычныя дакументы ды ілюстрацыйныя матэрыялы. Іх можна выкарыстоўваць як разам, так і паасобку як на ўроках, так і ў пазакласнай дзейнасці.

Дыдактычны дапаможнік складаецца з 14 брашур, 50 біяграфічных картак і дыска з электроннымі матэрыяламі. Аўтарамі адабраны мінімальна неабходны, але ў той жа час дастатковы матэрыял для якаснага засваення такіх важных тэм, як Другая сусветная вайна і правы чалавека. Яны разглядаюцца даступна, з улікам узроставых пазнавальных магчымасцяў навучэнцаў 9-11-х класаў.

Друкаваны асобнік дапаможніка «(Не)забытыя ахвяры вайны» можна атрымаць па пошце. Для гэтага трэба скласці заяўку па спасылцы:
https://forms.gle/jE8EQgkC1EAMi6Y1A

Колькасць накладу абмежаваная таму перавага будзе аддавацца настаўнікам, выкладчыкам ды іншым адукатарам, якім дапаможнік патрэбны ў прафесійнай дзейнасці.


 

Каментары да навіны: