Конкурс "1939 год у памяці жыхароў Беларусі"
- Умовы ўдзелу ў конкурсе
-
Конкурсныя працы
- I месца
- ІІ месца
- Матэрыялы для працы
- Прыклады інтэрв'ю
-
Прыклады працаў
- Вечар В. "Гісторыя майго рода" да конкурса "Блізкая гісторыя вычыма хатняга фатографа"
- Камароўская М. "Фатаграфія - жывая гісторыя" да конкурса "Блізкая гісторыя вычыма хатняга фатографа"
- Літаратура
- Частыя пытанні
У сакавіку 1921 г. у Рызе дэлегацыі Савецкай Расіі і Польшчы падпісалі мірную дамову, паводле якой тэрыторыя Беларусі дзялілася гэтымі краінамі паміж сабой. Беларускія палітыкі не здолелі адстаяць непадзельнасць сваёй зямлі. Гэтая падзея амаль на 20 гадоў падзяліла Беларусь на Заходнюю і Усходнюю, а беларусаў на “заходнікаў” і “усходнікаў”. Рыжская дамова мела і іншыя наступствы. Яе перагляд стаў пачаткам Другой сусветнай вайны: 1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу, а 17 верасня Чырвоная армія перайшла польскую мяжу на ўсёй працягласці ад Полацка да Камянец-Падольска і “узяла пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі”…

Падзеі верасня 1939 г. і іх наступствы, галоўным з якіх для Беларусі было аб’яднанне яе этнічных земляў у межах БССР, з’яўляюцца актуальнай тэмай для беларускай гісторыі. У 2014 годзе будзе адзначацца 75 год гэтай падзеі.
Грамадскасць Беларусі імкнецца да асэнсавання падзей, у выніку якіх адбылося аб’яднанне беларускай зямлі. Безумоўна, яны былі вельмі важнымі ў гістарычным лёсе беларусаў у ХХ ст., але іх нельга разглядаць асобна ад Другой Сусветнай вайны і палітычных змен на тэрыторыі Беларусі. Таксама мы не маем права трактаваць гэтыя падзеі як выключна беларускую праблему. Усё ж такі нашая гісторыя частка сусветнай. Без шырокага еўрапейскага ці сусветнага кантэксту немагчыма зразумець, падзеі ўвосень 1939 г.

Вельмі важнай гістарычнай крыніцай для вывучэння памяці пра восень 1939 г. з’яўляюцца вусныя ўспаміны людзей, якія сталі сведкамі тых пераўтварэнняў. На жаль, гісторыкі зрэдку звяртаюцца да іх. Але варта выправіць гэтую несправядлівасць... Сведкі гісторыі маюць поўнае права перадаць нам уласнае бачанне гісторыі. Суб’ектыўнасць успамінаў можа быць якраз іх самай карыснай рысай, бо дазволіць убачыць гістарычную падзею вачыма людзей, што жылі ў той час, падштурхне улічваць іх стаўленне да тых пераменаў.

Што адбылося ўвосень 1939 г.? Як паставіліся да ліквідацыі мяжы жыхары Беларусі? Было гэта “вызваленнем” ці “акупацыяй” Заходняй Беларусі? Як гэтыя падзеі паўплывалі на жыццё беларусаў па абодва бакі мяжы? Які вобраз тых пераўварэнняў захавала памяць беларусаў? Якое значэнне для гістарычнага лёсу беларускай нацыі мае восень 1939 г.?
У межах конкурсу, мы прапануем падумаць над гэтымі пытаннямі, пашукаць адказы на іх у памяці сведкаў, якія перажылі тыя часы. Памяць – гэта надзвычай цікавая і складаная для аналізу гістарычная крыніца. Мы прапануем сфармуляваць уласны погляд на праблему, абапіраючыся на сабраныя ўспаміны. Гэта своеасаблівая вандроўка ў нязведанае, пошук новага і сустрэча з нечаканым. Але ў гэтым падарожжы таксама патрэбна звярнуцца да гістарычных дакументаў, пазнаёміцца з працамі гісторыкаў і публіцыстаў.