Беларускія "Остарбайтары"

Лёсы беларусак і беларусаў на прымусовых работах у Нямеччыне падчас Другой сусветнай вайны і іх жыццё пасля вяртання на радзіму.

БЕЛАРУСКІЯ “ОСТАРБАЙТАРЫ”


Хто такія беларускія “остарбайтары”?

Тэрмін "остарбайтар", які зараз шырока выкарыстоўваецца ў навуковым і публіцыстычным асяродку, у перакладзе з нямецкай мовы азначае “усходні рабочы”. Гэты тэрмін быў уведзены нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны для абазначэння савецкіх грамадзян, якія былі адпраўлены на прымусовыя работы ў “трэці райх”.

Выкарыстанне нацыстамі грамадзянскіх замежных рабочых набыло з пачаткам вайны масавы характар.За перыяд з 1939 па 1945 гг. на патрэбы нацысцкай эканомікі працавала па розным дадзеным ад 6 да 8 млн. грамадзянскіх замежных рабочых з Бельгіі, Даніі, Галандыі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Сербіі, Харватыі, Славакіі, Цэхіі, Вегнрыі і інш. краін Еўропы. Самая шматлікая група замежных грамадзянскіх рабочых у райху была з Савецкага Саюза: ад 2,5 да 2,75 млн. чалавек. Па афіцыйных звестках, з тэрыторыі Беларусі было вывезена 400 тыс., сярод іх больш за палову складалі маладыя дзяўчаты і жанчыны, якія былі прыцягнуты да прымусовых работ не толькі на нямецкія фабрыкі і заводы, але і ў сельскую гаспадарку, ды нават у нямецкія сем’і.

Для рабочых з розных краін нацыстамі была ўведзена адмысловая класіфікацыя. Згодна з нацысцкай ідэалогіяй расізму, грамадзяне Савецкага Саюза, знаходзіліся на самай нізкай прыступцы ў іерархіі грамадзянскіх замежных рабочых у райху. У шэрагу дыскрымінацыйных законаў зацвярджалася цэлая сістэма абмежаванняў і бяспранага стану “остарбайтараў”. Гэта і забарона выходзіць за межы працоўнага лагера, недастатковае харчаванне, ці забарона харчавацца за адным сталом з немцамі ў прыватнай гаспадарцы, забарона стасункаў з іншымі рабочымі, забарона з'яўляцца ў грамадскіх месцах, неабходнасць насіць апазнавальны знак "Ост" і інш. Каб падкрэсліць дыстанцыю ад сэнсу, які ўкладалі ў гэта абазначэнне нацысты, пры напісанні “остарбайтар” ці “остарбайтарка” выкарыстоўваюцца двукоссі.

Асаблівасць лёсу “остарбайтараў” палягае яшчэ ў тым, што падчас і пасля вяртання на радзіму яны яшчэ раз пацярпелі. На гэты раз ад савецкай улады. Падчас рэпатрыацыі ў Савецкі Саюз “остарбайтары” мусілі праходзіць праз фільтрацыйныя лагеры, дзе праводзіліся допыты і на іх заводзіліся спецыяльныя справы. Сам факт знаходжання ў Германіі падчас вайны станавіўся стыгмай і, як правіла, трагічна ўплываў на далейшае жыццё чалавека. Ступень дыскрымінацыі ў савецкі час не ў апошняй ступені залежаў ад таго, якія амбіцыі меў чалавек. Так, паступленне ва ўніверсітэт, уступленні ў КПСС, ці атрыманні высокай пасады такім людзям адмаўлялася: савецкая ўлада лічыла іх небяспечнымі і недабранадзейнымі. Многія “остарбайтары” спрабавалі вынішчыць дакументы ці замоўчыць гэтыя звесткі са сваёй біяграфіі, не дзяліцца гэтым нават з самымі блізкімі, мусілі змяніць месца жыхарства. Тым не менш, ёсць адзінкавыя біяграфіі былых “остарбайтараў”, якія сведчаць пра паспяхова атрыманую адкукацыю ці нават абароненую дысертацыю. Як гэта было магчыма нягледзячы на дыскрымінацыю і стыгму ў савецкім грамадстве і якія стратэгія і магчымасці існавалі для гэтага, можна прасачыць у некаторых біяграфіях.

Толькі з распадам Савецкага Саюза і пачаткам выплат кампенсацый з боку нямецкага ўраду ў 1990-я гг., былыя “остарбайтары”, якія дажылі да гэтага часу, атрымалі магчымасць адкрыта ўзгадваць пра свой лёс. Але нават праз два з паловай дзесяцігоддзі пасля распаду Савецкага Саюза біяграфіі гэтых людзей яшчэ не сталі часткай афіцыйнай памяці пра Другую сусветную вайну ў Беларусі.

Пра што гэты раздзел?

Калі я распавядаю, што цікаўлюся лёсамі людзей, якіх падчас Другой сусветнай вайны немцы вывезлі на прымусовыя работы ў Нямеччыну, часта чую ў адказ: “Мой дзядуля быў падчас вайны вывезены на нямецкі завод”, ці “Мая бабуля працавала ў нямецкага баўэра”. Насамрэч, сямейныя гісторыі многіх беларусаў звязаны з гэтай тэмай. Наколькі масава вываз на прымусовыя работы закрануў насельніцтва Беларусі паказала і наша рэгіянальная экспедыцыя па Стаўбцоўскаму раёну ў жніўні 2013 г. Амаль у кожнай вёсцы мы знаходзілі рэспандэнтаў з лёсам “остарбайтаркі” ці “остарбайтара”. Асаблівасць гэтага рэгіёну выявілася яшчэ ў тым, што нацысты ў 1943-1944 гг. вывозілі адсюль не толькі моладзь 1925-1926 гг. нараджэння. Гэта былі акцыі па адпраўцы насельніцтва, “хапуны”, як іх называлі нашы рэспандэнты, у межах якіх у райх адпраўлялі сем’і з малымі дзецьмі і сталымі людзьмі, а часам і цэлыя вёскі з іх жыхарамі. Таму калекцыя інтэрв’ю з гэтай рэгіянальнай экспедыцыі дае ўнікальны ўзроставы зрэз: самая старэйшая рэспандэнтка Жаўнерчык Марыя Баляславаўна 1917 г. нараджэння з вёскі Налібокі, а самая малодшая – Міхно Данута Альфонсаўна народзілася ў сям’і “остарбайтараў” у 1944 г. у нямецкім горадзе Бад-Зэгеберг.

Інтэрв’ю з былымі “остарбайтарамі” – гэта не дапаўненне да архіўных крыніц, а цалкам самастойная крыніца інфармацыі пра індывідуальны вопыт прымусовых работ, які быў вельмі розным у залежнасці ад узросту, полу, месца прымусовай працы і чалавечага фактару. Гэты вопыт не занатаваны ў дакументах, але ён захаваны ў памяці былых прымусовых работнікаў. Які вопыт прымусовых работ мелі тыя, хто патрапіў у сельскую ці хатнюю гаспадарку і меў непасрэдны кантакт з нямецкімі сем’ямі? Як ён адрозніваўся ад прымусовых работ на прадпрыемстве? Якія існавалі магчымасці для стасункаў «усходніх работнікаў» з немцамі і іншымі рабочымі? Ды ўвогулле, чым адрозніваецца вопыт жанчын у якасці «остарбайтарак» у «нямецкім рэйху» ад вопыту мужчыны? У чым праявяліся дыскрымінацыі падчас рэпатрыацыі на радзіму? Як адбывалася сацыялізацыя былых прымусовых работнікаў у савецкае грамадства? Ды ўвогуле, як яны ўспрынялі палітычныя перамены і калі ўпершыню змаглі распавесці пра свой лёс?

Акрамя таго, інтэрв’ю даюць магчымасць прасачыць, як перадаецца рэспандэнтамі іх жыццёвая гісторыя, які ўплыў на гэта мае іх папярэдні і пасляваенны вопыт? Якую ролю яны самі надаюць прымусовым работам у сваёй біяграфіі? Пра што ўзгадваееца, а пра што не распавядаецца (тэмы табу)? Як уплывае афіцыйны гераічны беларускі дыскурс пра вайну на аповяд уласнай гісторыі “негераічных” сведак вайны? Як уплывае гэта на ацэнку гістарычных падзей?

Знайсці адказы на гэтыя пытанні дапамагаюць інтэрв’ю са сведкамі, якія размешчаны ў нашым архіве. На дадзены момант, гэта каля 50 відэа і аўдыё вусна-гістарычных інтэрв’ю з былымі “остарбайтарамі” і “остарбайтаркамі. У гэтай рубрыцы Вашай увазе прапануюцца партрэты чатырох рэспандэнтаў.

Алеся Белановіч-Пэтц

Гістарыяграфія


Дакументы


25 красавіка 1943 г. праваслаўная Пасха супала на адзін дзень з каталіцкай. З гэтай нагоды ў нямецкім ведамстве ўпаўнаважанага па выкарыстанню працоўнай сілы Фрыца Заўкеля ў мэтах павышэння „працоўнага настрою“ замежных работнікаў быў выдадзены загад, па якому дазвалялася правесці святочныя урачыстасці ў лагерах для “остарбайтараў”. Акрамя таго, з мэтай прапаганды “працы ў Нямеччыны” на Ўсходзе, для рабочых з Савецкага Саюзу былі надрукаваны спецыяльныя паштоўкі, якія “остарбайтары” маглі адправіць на Радзіму.

Паводле загада райхсміністэрства працы, у дадатковым харчовым рацыёне для “остарбайтараў” з нагоды Пасхі было адмоўлена, але было вырашана даць магчымасць “усходнім работнікам” памыцца і пасціраць адзенне. Акрамя таго, разглядалася магчымасць правядзення кінасеансаў на тэрыторыі працоўнага лагера, ці арганізацыя зачыненых сеансаў у грамадскім кінатэатры. Наведванне гэтых мерапрыемстваў “остарбайтарамі” з сельскай гаспадаркі не дазвалялася, бо арганізацыя паліцэйскага дагляду за імі, на думку райхсміністэрства, вымагала шмат арганізацыйных высілак.

Паводле загада райхсміністэрства працы ад 30.12.1942 г. з нагоды святкавання Пасхі.

Крыніца: Федэральны архіў, Берлін
BA, R3901/20467 Betrifft: Ostarbeiter; hier: Ausgestaltung des Osterfestes. Runderlaß vom 30.12.1942

Ліст “остарбайтаркі” Дар’і Баранчык з заводу кансерваў Германа Босэ ў г. Зэсэн (Ніжняя Саксонія) брату Васілю Шаўчэнка ў вёску Яцішава Віцебскай вобл., Полацкага раёну ад 12.06.1943 г. (паштовы штемпель)


Крыніца: Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, Ф.1620., Воп.1., Спр.2., Ст.27-27 зв.

У беларускіх архівах захаваліся дакументы, якія сведчаць пра вярбовачную кампанію нямецкіх бірж працы і агітацыю грамадзянскага насельніцтва “паехаць на працу” ў Нямеччыну. Вялікая колькасць акупацыйных прапагандысцкіх плакатаў была накіравана непасрэдна на беларускіх дзяўчат і жанчын. Гэта было звязана з наступнымі фактарамі. Па-першае, у мэтах “аховы нямецкай крыві" была выдадзена пастанова, зыходзячы з якой не меньш за палову вывезенай з Савецкага Саюза працоўнай сілы павінны былі складаць жанчыны. Па-другое, з верасня 1942 г. “ўсходнія работніцы” выкарыстоўваліся не толькі на будаўніцтве абарончых збудаванняў, у сельскай гаспадарцы і ваеннай прамысловасці, але і ў хатняй гаспадарцы немцаў.

Паўсюдна распавядалася пра “цудоўную магчымасць” патрапіць на работы ў германскія гаспадаркі і сем'і, што аб'яўлялася доказам “асобага даверу германскага народа” да славянскіх дзяўчат і жанчын. Прапагандысцкі плакат-заклік i>"Да ўсіх жанчын і дзяўчат" падкрэсліваў "цяжкае і невясёлае" жыццё беларускіх жанчын "у часы панавання цара, паноў, капіталістаў і бальшавіцкага тэрора" і неспраўджаныя абяцанні раўнапраўя і сацыялізацыі жанчын савецкім урадам. Далей звярталася ўвага на зусім іншае жыццё германскіх дзяўчат і жанчын, якія " працуюць у кожнай прафесіі і маюць роўныя правы з мужчынамі, добрую вопратку, найлепшую лекарскую апеку і вольнае, сапраўды шчаслівае жыццё".


Крыніца: НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 1286, с.144

На першай старонцы агітацыйнай брашуры "Галя Саслаўская едзе на працу ў Нямеччыну" – фотаздымак усмешлівай светлавалосай пятнаццацігадовай дзяўчыны. Гэта брашура распавядае цэлую гісторыю з фотаздымкамі пра зборы дзяўчыны на работы у Германію і пра “цудоўныя умовы” жыцця і працы ў нямецкім горадзе Ной Стрэліц у сям’і сялянкі Фосс. Прапагандысты распавядаюць, што Галя атрымала асобны пакой і паўсюль добра дапамагае: прыбірае ў хаце, пасля ідзе на агарод або поле. На фотаздымку малыя дзеці фрау Фосс дапамагаюць усходняй работніцы збіраць бульбу. У сваім лісце да родных дзяўчына падкрэслівае, што такіх, як яна, “усходніх работніц” вельмі шмат ў Нямеччыне і ўсе яны "цешацца тым, што сваёй працай прымаюць удзел у знішчэнні бальшавізму і адбудове будучыні".


Крыніца: НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 1286, с.152-160.

Агітацыйны плакат "Гэтак працуюць жанчыны й дзяўчаты ў Нямеччыне" распавядаў пра магчымасцць кожнай нямецкай жанчыны набыць веды ва ўсіх галінах навукі, тэхнікі і культуры і атрымаць сярэднюю і вышэйшую адукацыю па розных спецыяльнасцях. З фотаздымкаў пазіраюць прыгожыя маладыя дзяўчаты: мадыстка на працы шые вячэрнюю сукенку, жанчыны-студэнткі уважліва слухаюць лекцыю ва ўніверсітэце, працуюць над эксперыментам у хімічнай лабараторыі, малююць план у канструктарскім бюро, працуюць выхавацелькамі ў дзіцячым садку, лекаркамі ў бальніцы, у якасці фільмовых рэжысёрак здымаюць кінастужкі, працуюць на фабрыках.


Крыніца: НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 1286, с.145.

Пад гучнай назвай „Беларускі знайшлі працу і ў нямецкай хатняй гаспадарцы“ праходзіў паказ кінастужкі пра дваццацігадовую Ніну Ст. з Навагрудскай акругі. ”Хто б не хацеў так жыць! Вось Ніна шые на ўдасканаленай кравецкай машыне, гатуе страву, ездзіць на веласіпедзе, вольна валодае нямецкай мовай і самастойна купляе там усё неабходнае. Радасці ў вольны час і святы – катанне на каруселях, адпачынак у парку, а пасля прагляд новых фільмаў”.


Крыніца: НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 1287, с.104.

Такім чынам, ведаючы жаночыю псіхалогію, прапагандысты ігралі на адвечных імкненнях да дабрабыту і лепшай долі, стваралі міфы пра станоўчае стаўленне да беларускіх дзяўчат і жанчын, магчымасць атрымаць прафесійную падрыхтоўку па розных спецыяльнасцях, авалодаць нямецкай мовай і пазнаёміцца з вопытам вядзення нямецкай гаспадаркі. Тым не менш, за абяцанкамі пра прыгожае і цікавае жыццё ў Германіі хаваліся непасільная праца, невыносныя ўмовы жыцця, зневажаючае чалавечую годнасць стаўленне да работніцы з Савецкага Саюза. Значных поспехаў нацысцкая прапаганда не мела, яна хутчэў выкарыстоўвалася як кулісы для мэтанакіраванага вывазу моладзі і насельніцтва акупаванага Савецкага Саюза на патрэбы эканомікі райха.

Падрыхтавана А. Белановіч-Пэтц для архіва Вуснай гісторыі Беларусі

Літаратура