ЭЛЬВІНА СЕМАКОВА:

на прымусовых работах на ліцейным заводзе Крупа

Эльвіна Стэфанаўна Семакова (Кліменкова) нарадзілася 7 жніўня 1926 г. у сям’і настаўнікаў у вёсцы Карма Гомельскай вобласці. У 1931 г. сям’я пераехала ў горад Быхаў, дзе матуля Эльвіны працавала настаўніцай ў школе, а бацька бухгалтарам. У 1938 г. бацька Эльвіны патрапіў пад хвалю сталінскіх рэпрэсій і быў адпраўлены ў ГУЛаг. Незадоўга да пачатку нямецка-савецкай вайны ён быў “рэабілітаваны” і змог вярнуцца да сям’і. Тым не менш, сям’я пазнала лёс “ворагаў народа”, пра што Эльвіна ўзгадвае ў інтэрв’ю.

З пачаткам нямецка-савецкай вайны бацьку Эльвіны прызвалі ў армію, а Эльвіна разам з матуляй і малодшым братам, пасля няўдалай спробы эвакуацыі, апынуліся пад нямецкай акупацыяй. У сакавіку 1944 г. яны патрапілі пад аблаву і былі выгнаны на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Да вызвалены амерыканцамі ў красавіку 1945 г. яны працавалі на ліцейным заводзе канцэрна Крупа ў нямецкім горадзе Вітэн. Пасля вяртання ў Беларусь матуле Эльвіны было забаронена працаваць у горадзе, таму сям’я пераехала ў вёску. Спроба Эльвіны атрымаць адукацыю ў педагагічным інстытуце сарвалася праз яе аўтабіяграфію, у якой яна шчыра адзначыла, што была выгнана падчас вайны ў Нямеччыну. Яе адлічылі, але праз некалькі месяцаў кіраўніцтва інстытута зноў выклікала Эльвіну да сябе і, зрабіўшы фота для мясцовай газеты пра “выпраўленае жыццё маладой дзяўчыны”, залічыла Эльвіну ізноў на першы курс.

Пасля атрымання педагагічнай адукацыі Эльвіна пачала працу ў сельскай школе. Там яна і пазнаёмілася са сваім будучым мужам, салдатам Чырвонай арміі, які пасля вайны вырашыў быць вайскоўцам. Маладая сям’я пераехала ў Мінск у ваенны гарадок ва Ўруччы, дзе Эльвіна жыве да гэтага часу.

Адметна ў біяграфіі Эльвіны тое, што яна неаднаразова з 1990-х гг. па запрашэнню нямецкіх грамадскіх арганізацый была на месцы былой прымусовай працы. Эльвіна энэргічна ангажуецца ў дзьвух грамадскіх арганізацыях: у ветэранскай і былых прымусовых работнікаў. У 80 гадоў Эльвіна атрымала правы кіраванні машынай, каб вазіць цяжка хворага мужа на лецішча. Акрамя таго, Эльвіна з’яляецца актыўнай ўдзельніца Клуба аматараў нямецкай мовы ў Гістарычнай майстэрне Мінска і “Універсітэта трэцяга ўзроста” па авалоднанню кампутарнымі праграмамі і сродкамі камунікацыі.

ФОТАЗДЫМКІ

Відэафрагменты

Эльвіна Семакова