Зразумець, што мы самі сабой уяўляем

2014-06-30

27 чэрвеня ў  Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йоханэса Раў адбыўся круглы стол «Вусная гісторыя ў працы дакументалістаў і журналістаў: праблемы і перспектывы».

Алесь Смалянчук, мадэратар сустрэчы, распачаў мерапрыемства словамі брытанскага палітыка Яна Маклаўда: «Гісторыя занадта сур’ёзная справа, каб давяраць яе гісторыкам». І сапраўды, на сустрэчу прыйшлі людзі, якія маюць дачыненне да вуснай гісторыі, хоць самі не з’яўляюцца гісторыкамі, працуюць з гістарычнымі сюжэтамі, але не займаюцца ўсебаковым даследаваннем мінулага. Чаму мы маглі навучыць адно аднога? Аказалася – многаму.

Пасля кароткага ўступнага слова пра этапы развіцця ВГ і яе асаблівасці, выказаўся даўні сябар БАВГ, малады гісторык Уладзімір Валодзін. Ён ужо колькі часу займаецца даследаваннем калектыўнага звароту студэнтаў-філосафаў да кіраўніцтва з шэрагам патрабаванняў. На думку Уладзіміра, даследаванне гэтай тэмы было б надзвычай складанай справай, калі б не магчымасць паразмаўляць са сведкамі. Прычым у выпадку гэтай гістарычнай тэмы вусная гісторыя выступае ў нехарактэрнай якасьці – як спосаб верыфікацыі пісьмовай крыніцы. 

                        

Было прыемна чуць, што і журналісты ахвотна звяртаюцца да гістарычных сюжэтаў, шукаюць сведкаў падзей і запісваюць з імі інтэрв’ю. Так, тэлежурналістка Алена Верашчагіна падзялілася вопытам стварэння дакументальных праектаў, на яе рахунку не адзін гістарычны фільм. 

Падавалася, што сустрэча так і застанецца ў рэчышчы спакойнага абмену вопытам, аднак яна раптам выйшла на якасна новы ўзровень.

Ад магчымасцяў выкарыстання ВГ у розных прафесійных сферах, паступова перайшлі да надзвычай складанага пытання – асабістай адказнасці. Ці ўсе тэмы мы можам і мусім дэманстраваць соцыуму? У якасьці каго выступае даследчык і журналіст – медыятара, які проста даносіць гістарычны сюжэт да чалавека ці ўсё ж ён мусіць адчуваць увесь цяжар адказнасці? Як паступаць з фрагментарнасцю і вырванасцю з кантэкста многіх журналісцкіх сюжэтаў на гістарычную тэматыку? 

Адназначна і проста адказаць на гэтыя пытанні ніхто не змог. Бо тут усё будзе залежыць ад канкрэтнага чалавека, яго сумлення і ўзроўню прафесіяналізму. 

У працяг тэмы Віктар Бунта, краязнавец з Бласлаўшчыны, распавёў пра свой досьвед працы са складанымі гістарычнымі сюжэтамі. Трагедыя здарылася падчас ІІ Сусветнай вайны ў Беларусі. Адна дзяўчынка здолела збегчы падчас расстрэлу габрэяў, кінулася ў хату да жанчыны, шукаючы паратунку. «А тая жанчына ўзяла яе за руку і адвяла на месца расстрэлу»,  –  сказаў спадар Віктар. Паліцаі забілі дзяўчо. Жанчыну пасля вайны судзілі і расстралялі. Расказваючы пра тое школьнікам, краязнавец не паказвае гэты сюжэт адасоблена, ён раскрывае кантэкст, тлумачыць, што за ўкрыванне габрэяў маглі забіць усю сям’ю. Гэта не апраўданне, але спроба разабрацца, нешта зразумець. Толькі імкненне перажыць сітуацыю, разгледзець яе ва ўсіх драбніцах дапаможа пазбегнуць небяспечных памылак. Падаецца, што з гэтым былі згодныя ўсе прысутныя.

Часта кажуць, што гісторыя нікога нічому не вучыць. Аднак, як адзначыў прафесар Алесь Смалянчук, які ўжо шмат гадоў ездзіць па Беларусі і збірае ўспаміны людзей: «Вусная гісторыя дае нам магчымасць зразумець, што мы самі сабою ўяўляем». І хоць бы для гэтага варта ёю займацца.

Цікава было абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва і з этнографамі, ад імя якіх казаў прадстаўнік СЭТу Яўген Бойка. Дамовіцца аб нейкім сумесным праекце гісторыкі і этнографы не паспелі і таму вырашана было арганізаваць асобную сустрэчу і на ёй усё падрабязна абмеркаваць.

Размаўлялі за круглым сталом не адну гадзіну, аднак яшчэ шмат тэмаў засталося па-за ўвагай. Варта спадзявацца, што гэта толькі пачатак плённай супрацы гісторыкаў, журналістаў, этнографаў і краязнаўцаў. Відавочна, што нам шмат чаму можна адно ў аднога навучыцца. Аднак, дыялог наладжаны і шчыльнае супрацоўніцтва – справа часу. У кожным разе, кіраўнік архіва Вольга Іванова запрасіла ўсіх прысутных карыстацца матэрыяламі БАВГ і журналісты, падаецца, ахвотна на гэтае запрашэнне адгукнуліся.

Каментары да навіны: