Адбылася экспедыцыя на Палессе у межах праекту Беларускага Архіва Вуснай Гісторыі

2012-08-16

З 31 ліпеня па 7 жніўня 2012 г. на тэрыторыі Лунінецкага і Столінскага раёнаў Брэсцкай вобласці і Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці працавала экспедыцыя па зборы ўспамінаў сведак часу, арганізаваная ў межах праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”(БАВГ). Кіраваў мерапрыемствам доктар гістарычных навук, дырэктар Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Алесь Смалянчук. Удзельнікамі экспедыцыі сталі студэнты і выкладчыкі ВНУ, якія прадстаўлялі розныя гарады Беларусі.

Мэтай экспедыцыі было ахарактарызаваць вобразы падзеяў восені 1939 года і бліжэйшых наступстваў далучэння Заходняй Беларусі да СССР (БССР), якія існуюць у вуснай традыцыі жыхароў Беларусі. Задачамі экспедыцыі з’яўляліся

  • На падставе матэрыялаў вусных успамінаў жыхароў Беларусі выявіць іх уяўленні пра жыццё ў міжваеннай Польшчы і БССР;
  • Ахарактарызаваць адлюстраванне ваенна-палітычных падзеяў восені 1939 г. у вусных успамінах;
  • Высветліць стаўленне людзей да пераменаў, што адбыліся з прыходам “першых Саветаў”;
  • Сабраць вуснагістарычны матэрыял для распрацоўкі рубрыкі па 1939 годзе на партале БАВГ(www.nashapamiac.org) і для здымкі дакументальнага фільма па дадзенай тэматыцы.

Успаміны запісваліся ў больш чым дваццаці населеных пунктах рэгіёна, якія да верасня 1939 г. знаходзіліся на польска-савецкім памежжы. Усяго было запісана 71 інтэрв’ю, з якіх больш за 50 мелі відэафармат. Група рэспандэнтаў складалася з 71 чалавека 1919-1950 гадоў нараджэння (у тым ліку 47 жанчын і 24 мужчын), пераважна ва ўзросце 80-85 гадоў. Большасць рэспандэнтаў з'яўляліся беларусамі, якія пражывалі па месцы свайго нараджэння ці пераязджалі ў суседнія вёскі. Паводле веравызнання дамінавалі праваслаўныя.

Асноўным стаў аўтабіяграфічны метад запісу ўспамінаў з акцэнтам на падзеі восені 1939 г. і іх наступствы. Таксама вялікая ўвага надавалася памяці пра штодзённае жыццё, а таксама ўспамінам пра калгасны лад і рэпрэсіі. Асобны цікавы блок успамінаў датычыў рэжыма памежнай зоны і асаблівасцяў жыцця на памежжы як з колішняга польскага, так і савецкага боку. Рэспандэнты з вёсак, што знаходзіліся некалі на тэрыторыі Польшчы, шмат распавядалі пра перамены, якія адбыліся пасля прыходу Чырвонай арміі і г.зв. “уз’яднання” Беларусі. Пра апошняе большасць рэспандэнтаў даведалася значна пазней, верагодна таму, што гэты тэзіс стаў актыўна прапагандавацца ўжо пасля завяршэння Другой сусветнай вайны.

Шматлікія ўспаміны датычылі таксама падзеяў савецка-германскай вайны 1941-1945 гадоў і жыцця пад нямецкай акупацыяй. Тэрыторыя дзейнасці экспедыцыі ўключала пераважна былыя партызанскія зоны, якія ўзімку-увесну 1943 года сталі аб’ектам карных аперацый акупацыйных уладаў. Падчас інтэрв’ю таксама закраналіся пытанні, звязаныя з палескай ідэнтычнасцю і мясцовым рэгіяналізмам.

Экспедыцыя стварыла кола зацікаўленых для далейшай дзейнасці па развіцці БАВГ. Мэту экспедыцыі можна лічыць выкананай. Сярод станоўчых вынікаў адзначым дыскутаванне і абмеркаванне зададзенай праблематыкі, вызначэнне асаблівасцяў дадзенага рэгіёну, параллельная распрацоўка яшчэ некаторых іншых даследчых сюжэтаў. Пра эфектыўнасць экспедыцыі сведчыць, у першую чаргу, колькасць сабраных успамінаў. У хуткім часе яны з'явяцца для вывучэння на партале БАВГ. Запрашаем сачыць за яго навінамі.




Каментары да навіны: