27 лістапада ў Мінску адбыўся круглы стол

2012-11-30

27 лістапада ў Мінску адбыўся круглы стол “Развіццё вуснагістарычнага накірунку ў Беларусі: праблемы і перспектывы Інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Каб паўдзельнічаць у ім, прыехалі з розных гарадоў больш за 20 чалавек. Сярод іх вядомыя гісторыкі, краязнаўцы, адукатары, сябры каманды праекта, уладальнікі калекцый, размяшчаемых у архіў, а таксама проста прыхільнікі праекта.

Мадэратарам мерапрыемства выступаў навуковы кіраўнік праекта Алесь Смалянчук. Ён жа закцэнтаваў увагу аўдыторыі на праблеме пашырэння і актывізацыі выкарыстання вуснагістарычных крыніц. Вольга Іванова, кіраўнік архіва, распавяла пра нюансы збору і захоўвання вусных успамінаў для далейшага выкарыстання. Ірына Кашталян, каардынатар праекта, сканцэнтравала ўвагу аўдыторыі на пытаннях эфектыўнасці развіцця праекта. Аператар праекта Павал Сітнік прадставіў прэзентацыйны дыск па асноўных накірунках дзейнасці праекта.

Пасля такіх інфармацыйных блокаў па выніках развіцця праекта за апошнія два гады адбылася плённая дыскусія. Асаблівая ўвага была нададзеная праблемам папулярызацыі матэрыялаў архіва і пашырэння кола іх карыстальнікаў, удасканаленню прынцыпаў адбора калекцый для прыняцця ў архіў, пытанням больш эфектыўнай апрацоўкі ўспамінаў. Была адзначана неабходнасць большай канцэнтрацыі на пытаннях інтэрпрэтацыі крыніц, у сувязі з гэтым аналізаваліся шляхі супрацоўніцтва, у тым ліку міжнароднага, у галіне вуснай гісторыі. Выказаныя прапановы і заўвагі будуць улічаны ў далейшай працы праекта.

Каментары да навіны: