Падсумаванне вынікаў круглага стала па праблеме Чарнобыля

2015-04-09

6 красавіка ў Мінску з ініцыятывы БАВГ быў праведзены круглы стол, на якім абмяркоўвалася пытанне "Што далі і што могуць даць грамадскія навукі для разумення Чарнобыльскай катастрофы?"

Удзельнікамі дыскусіі выступілі даследчыкі, прадстаўляючыя розныя кірункі грамадскіх навук: сацыёлаг Андрэй Сцяпанаў, гісторык Аляксандр Далгоўскі, культуролаг і палітолаг Аляксей Крывалап,  а таксама дзяячка экалагічнага руху Ірына Сухій. Мадэравала дыскусію сацыёлаг Таццяна Вадалажская. 

Спрабуючы зразумець, ці была ў Беларусі асэнсавана сацыяльнымі навукамі і грамадскасцю ў цэлым катастрофа і яе наступствы, удзельнікі дыскусіі прыйшлі да высновы, што хутчэй не – гэтага не адбылося. Праблема палягае у тым, што і праз амаль 30 год пасля аварыі Чарнобыльская тэматыка застаецца слаба даследаванай. Прац прадстаўляючых сацыяльна-палітычныя зрухі ў беларускім грамадстве, выкліканыя гэтай катастрофай напісана вельмі мала, у гэтым плане пэўны ўнёсак зроблены замежнымі навукоўцамі, напрыклад, такімі як Астрыд Зам. Пры тым што існуе багаты эмпірычны матэрыял, назапашаны паасобнымі інстытуцыямі і даследчыкамі: вынікі статыстыкі, даследавання грамадскага меркавання, выдадзеныя зборнікі гістарычных дакументаў і г.д. – на сённяшні дзень грунтоўных абагульняючых прац амаль няма.

З гістарычнай перспектывы ёсць аб'ектыўные праблемы ў вывучэнні  гэтай трагедыі.  "Тэму цяжка гістарыязаваць, – лічыць Аляксандр Далгоўскі, – бо яшчэ жывыя сведкі." Апроч таго гісторык – аўтар даследавання па ўзаемадзеянні насельніцтва і ўлады БССР падчас сацыяльных узрушэнняў, выкліканых Чарнобылем – таксама заўважыў, што аварыя на ЧАЭС успрымаецца беларусамі як лакальная праблема, у пэўным сэнсе, абмежаваная граніцамі выключна Гомельскай вобласць.

Экалагістка Ірына Сухій, гаворачы аб зменах успрымання Чарнобыля беларускім грамадствам, адзначыла парадаксальную з'яву. У першыя гады пасля аварыя мы назіралі выбуху экалагічнай свядомасці, што спарадзіла пэўныя сацыяльныя выступленні, інтарэс у грамадстве да пытанняў экалагічнай гігіены і радыяцыйнай бяспекі. На сучасным жа этапе мы бачым нечаканы спад ці нават знікненне ўсялякай экалагічнай свядомасці, калі будаўніцтва ўласнай АЭС у Беларусі практычна не выклікае аніякага грамадскага абмеркавання.

Спрабуючы асэнсаваць гэтую сітуацыю, прысутныя прышлі да высновы, што з цягам часу дзейнасць грамадскіх арганізацый, экалагічнага руху і праца даследчыкаў у сферы сацыяльна-палітычных навук, звязаная з Чарнобыльскай праблематыкай, ідуць незалежным, паралельным курсам і практычна не перакрыжоўваюцца, а вынікі іх дзейнасці на шырокі публічны форум не выносяцца і не абмяркоўваюцца. Грамадства ж успамінае пра Чарнобыль толькі падчас чарговых угодак катастрофы, што набыло рытуальны характар, перастаўшы служыць нагодай для практычных дзеянняў.

Сацыёлаг Андрэй Сцяпанаў ахарактарызаваў гэтую сітуацыю "канцом праекта Чарнобыль". Нягледзячы на гэта, прысутныя адзначылі важнасць і актуальнасць даследавання менавіта цяпер. Бо якраз зараз з перспектывы пост- мы маем лепшую магчымасць асэнсаваць падзеі, чым знаходзячыся ў імклівым іх віры. Цяпер, калі ў палітыцы радыяцыйнай бяспекі ў Беларусі робіцца кардынальны паварот да атамнай энергетыкі, а на сусветным узроўні мы бачым новыя выклікі ў выглядзе зусім нядаўняй аварыі ў Факусіме. Важна гэта і з перспектывы таго, што зараз мы яшчэ маем магчымасць сабраць сведчанні і ўспаміны непасрэдных сведак і ўдзельнікаў тых падзей. На падставе людскіх лёсаў і чалавечага ўспрыняцця той катастрофы выявіць як трансфармацыі, якія адбыліся ў грамадстве, так і прасачыць змены значэння і разумення Чарнобыля ў ментальнасці беларусаў на працягу гэтых 30-ці год.

У гэтым сэнсе вусная гісторыя з'яўляецца неад'емным прыладай такіх даследаванняў, забяспечанай неабходным метадалагічным апаратам. Таму ініцыятыва правядзення конкурсу “Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі” была ўхваленая ўдзельнікамі дыскусіі з надзеяй, што гэты праект не толькі ўзбагаціць веды і накапіць гістарычны матэрыял па гэтай тэматыцы, але і ўзбудзіць і абудзіць наноў цікавасць да Чарнобыльскай праблематыкі, прынамсі, у студэнцкай моладзі.  

Каментары да навіны: