Беларускі архіў вуснай гісторыі наведаў Чарнігаў

2015-05-22

12 траўня прадстаўнікі Беларускага архіву вуснай гісторыі наведалі Чарнігаў, каб распавесці пра працу БАВГ і ўмацаваць сувязі з украінскімі калегамі.

На сустрэчы ў прэс-клубе "Дзелавое слова" прысутнічалі журналісты і прадстаўнікі грамадскасці. Алесь Смалянчук, Таццяна Касатая, Андрэй Кіштымаў, Валянціна Лебедзева і Уладзімір Валодзін сцісла распавялі пра развіццё вуснай гісторыі ў Беларусі і дзейнасць БАВГ. Асобна была звернута ўвага на вуснагістарычныя даследаванні Чарнобыльскай катастрофы, бо Чарнігаў знаходзіцца ў 70 кіламетрах ад Чарнобыльскай АЭС.

Другая сустрэча адбылася ў Чарнігаўскім нацыянальным педагагічным універсітэце імя Т. Шаўчэнкі. На ёй расповед быў больш падрабязным, бо адрасаваўся студэнтам, аспірантам і выкладчыкам універсітэта. Адкрыў сустрэчу прарэктар універсітэта, кандыдат гістарычных навук Валянцін Панчанка.

Алесь Смалянчук распавёў пра дасягненні і праблемы вуснай гісторыі ў Беларусі, у прыватнасці пра экспедыцыі Беларускага архіву вуснай гісторыі і распрацоўку БАВГ тэмы "1939 год на Беларусі".

Андрэй Кіштымаў падзяліўся сваім бачаннем вуснай гісторыі як адмысловец, які распрацоўвае гісторыю ХІХ стагоддзя, і таму працуе пераважна з папяровымі крыніцамі.

Таццяна Касатая паведаміла, якім чынам карыстацца дакументамі Беларускага архіву вуснай гісторыі, як ажыццяўляць пошук у архіве.

Уладзімір Валодзін запрасіў студэнтаў да ўдзелу ў конкурсе па вуснай гісторыі Чарнобыльскай катастрофы, распавёў пра ўмовы ўдзелу ў конкурсе і магчымую тэматыку прац.

У канцы сустрэчы прадстаўнікі БАВГ адказалі на пытанні аўдыторыі.

Абедзве прэзентацыі БАВГ выклікалі зацікаўленасць публікі. Каманда БАВГ спадзяецца ўмацоўваць кантакты з чарнігаўскімі гісторыкамі і ў далейшым, а таксама чакае працы ўкраінскіх студэнтаў на конкурс.

 

 

 

Каментары да навіны: