Айцец Георгій Сапун – вясковы святар неверагоднага лёсу (+Відэа)

2015-05-28

З нагоды выхаду нядаўняй журналісцкай публікацыі пра айца Георгія Сапуна, хочацца больш распавесці пра гэтага незвычайнага чалавека, з якім БАВГ пазнаёміўся яшчэ ў 2012 годзе. Тады гісторыкамі Алесем Смаленчуком і Вольгай Івановай было зроблена некалькі адмысловых інтэрв'ю з айцом Георгіям, якія святар ласкава пагадзіўся запісаць для нашага архіва.

Лёс айцом Георгіям сапраўды неверагодны: вельмі складаны і багата насычаны падзеямі, а таму варты адмысловага вялікага апавядання. Калі ж даць нейкія кароткія біяграфічныя звесткі, то нарадзіўся  Георгій Сапун 29 лютага 1924 г. у в. Доры Валожынскага р-на ў сям'і святара Савы Іванавіча і Домны Антонаўны Сапун. Скончыў Навагрудскую настаўніцкую семінарыю. Падчас вайны вучыўся ў а. Афанасія Мартаса на двухгадовых курсах святароў у Навагрудку. Быў сведкам і ўдзельнікам грамадскага і рэлігійнага жыцця ў Наваградку ў перыяд нямецкай акупацыі, знаёмы з Барысам Рагуляй і іншымі беларускімі дзеячамі той пары. Пасля вайны як сын святара і, верагодна, за сувязь з калабарацыйнымі ўстановамі быў высланы ў Іркуцкую вобласць. У 1947 г. здзейсніў рызыкоўны пабег з высылкі, вярнуўся ў в. Пачапава, дзе і распачаў сваю шматгадовую самаадданую святарскую службу. Перажыў перыяд рэлігійных ганенняў на царкву, не спыняючы актыўную душпастырскую дзейнасць. Пасля распаду Саюза і адраджэння духоўнага жыцця ў краіне а. Георгій пачынае працу па аднаўленню знішчаных храмаў і закрытых прыходаў. У пачатку 2000-х гг. уласнымі сродкамі і з дапамогай ахвярадаўцаў аднавіў дзве разбураныя цэрквы: Свята-Пакроўскую ў в. Пачапава і Свята-Троіцкую ў в. Сваротва. З матушкай Ганнай у шлюбе жыве больш 60 гадоў, мае трох дзяцей (двух дачок і сына), унукаў.

Падрабязней з жыццёвым шляхам святара можна пазнаёміцца на падставе шэрагу інтэрв'ю з айцом Георгіем, змешчаных у архіўным фондзе БАВГ.

Тут жа прапануем увазе наведвальнікаў нашага архіва некалькі ўрыўкаў са згаданых запісаў успамінаў, у якіх расповед вядзецца пра прыбыванне яшчэ зусім маладога будучага святара ў высылцы, складанасці і трагічныя акалічнасці быцця катаржніка. 

Асабліва драматычным і захапляючым з'яўляецца фрагмент успамінаў а. Георгія пра ягоны дзёрзкі пабег з сібірскай ссылкі:

 

Каментары да навіны: