Круглы стол "Вусная гісторыя як новы спосаб асэнсавання мінулага/гістарычнага мыслення": падсумаванні

2016-09-23

20 верасня 2016 у межах "Тыдня беларускага мыслення" адбыўся круглы стол "Вусная гісторыя як новы спосаб асэнсавання мінулага/гістарычнага мыслення". Яго арганізатарамі сталі Беларускі Архіў Вуснай Гісторыі і Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна. Да размовы былі запрошаныя адмысловыя эксперты абедзвюх арганізацый: Аляксандр Далгоўскі (PhD), Вольга Іванова (к.г.н.), Ірына Кашталян (PhD), Андрэй Мастыка (магістр). Мадэравала мерапрыемства к.г.н., выкладчык БДУ Ірына Махоўская.

Асноўнымі абмяркоўваемымі пытаннямі сталі праблемы ўключэння вуснагістарычных крыніц у навуковы зварот і  інтэграцыі вынікаў даследаванняў і праектаў у галіне oral history ў публічны дыскурс. Пасля выступаў экспертаў, якія выказалі меркаванне па вышэйзгаданых тэмах і прэзентавалі вынікі сваёй навуковай і архіўнай  працы ў гэтай галіне, прайшла агульная дыскусія.

Атрымалася плённая размова, якая пакінула пазітыўнае ўражанне ад наяўных ужо дасягненняў у сферы вуснай гісторыі ў Беларусі, якая пачала развівацца ў нас дастаткова нядаўна. Афармляюцца адмысловыя архівы, з’яўляюцца публікацыі, нават манаграфіі з выкарыстаннем гэтага метада. Сярод гісторыкаў, якія займаюцца ХХ стагоддзем, паступова расце разуменне неабходнасці звяртання ў сваёй працы да ўспамінаў сведак, як важнай крыніцы для даследавання траўматычных тэм. Аднак пакуль асноўнае выкарыстанне палягае толькі ў дадаванні ўрыўкаў з інтэрв’ю як ілюстрацыйных прыкладаў. У нас фактычна адсутнічаюць сур’ёзныя навуковыя працы, якія бяруць у якасці асноўных архіўных крыніц успаміны, з аналізам і крытычным асэнсаваннем іх унутранай структуры.

Спецыфічная сітуацыя склалася ў дачыненні да oral history з боку афіцыйнай навукі, якая фактычна яе ігнаруе. У гэтай сферы працуюць адзінкавыя гісторыкі без падтрымкі афіцыйных беларускіх навуковых інстытуцый. Ёсць спадзяванне, што з часам сітуацыя зменіцца і будзе ўлічвацца міжнародны вопыт у гэтай галіне.

Публікацыі па гісторыі Беларусі з выкарыстаннем вуснагістарычнага метаду час ад часу выходзяць за мяжой, але, на жаль, істотнай перашкодай на шляху да іх беларускага чытача застаецца моўны бар’ер. Ёсць надзея на маладое пакаленне гісторыкаў, якое гатовае вучыцца і эксперыментаваць, хаця і застаюцца пытанні як правільна арганізоўваць міждысцыплінарныя даследаванні, якія патрабуюць метадалагічнай і тэарэтычнай падрыхтоўкі ў сумежных дысцыплінах.

Прысутныя на круглым стале падымалі і абмяркоўвалі безліч пытанняў:

Дзе заканчваецца вусная гісторыя, а пачынаецца сацыялогія?

Каго са сведкаў больш актуальна запісваць, каб актуалізаваць інтарэс да накірунка ў грамадстве? Як у межах вуснагістарычных праектаў стварыць прадукт важны для  грамадства, а не толькі для навукі?

Ці можна “пераламіць” нежаданне гісторыкаў працаваць з успамінамі, сабранымі іншымі, і дзяліцца назапашаным?

Ці трэба ісці па шляху “камерцыялізацыі” вуснай гісторыі з тым, каб яна стала больш прывабнай для большасці?

Як пераадолець страх рэспандэнта перад наступствамі сказанага?

Што рабіць з прыватнымі архівамі, якія збіраліся не па метадалогіі? І інш.

Нягледзячы на тое, што зараз ідзе хутчэй працэс назапашвання архіўных вуснагістарычных матэрыялаў у параўнанні з колькасцю навуковых прац на іх аснове, існаванне першых вуснагістарычных архіваў стварае як мінімум базіс для будучых даследаванняў, праектаў. З улікам часавых выдаткаў, якія эканомяцца для даследчыкаў стваральнікамі такіх сховішчаў, ёсць спадзяванне, што гэта натхніць навукоўцаў хаця б на пошукі новых ракурсаў сваіх тэм. Але актуальнай застаецца праблема, што для стварэння даследаванняў у многіх тэмах часта не стае факталогіі, маючы якую можна далей вывучаць пэўныя падзеі і з’явы праз прызму стаўлення простых людзей. І на распрацоўку яе таксама патрэбен час. З іншага боку даследчыку варта звярнуць увагу і на тэмы, дзе для даследавання ніколі не будзе дастаткова звычайных дакументаў у моц закрытасці/табуізаванасці пытанняў, і тады вуснагістарычныя інтэрв’ю становяцца адзінай крыніцай інфармацыі.

Для развіцця oral history у Беларусі важны высілкі не толькі гісторыкаў, а і этнографаў і іншых спецыялістаў, хто гатовы запісваць сведчанні людзей па важных тэмах з захаваннем асноўных метадалагічных падыходаў. І дыскусія падчас мерапрыемства паказала, што  цікавасць да гэтага ёсць ува ўсіх згаданых бакоў. Трэба чакаць далейшага назапашвання вуснагістарычных матэрыялаў і новых цікавых праектаў па іх інтэрпрэтацыі, а таксама падобных гэтаму кругламу сталу сустрэч, калі неабыякавыя да захавання памяці аб Беларусі ХХ стагоддзя будуць падзяліцца сваімі дасягненнямі і задаваць важныя для іх пытанні.

Ірына Кашталян

Каментары да навіны: