Скончыў работу – гуляй у ахвоту. 11 спосабаў заняць дзіця на выкацыях

2016-12-24

На вакацыях часта паўстае праблема – трэба нейкім чынам заняць дзяцей, каб яны не валэндаліся без справы і не нудзіліся. Тэлевізар і планшэт – не лепшы варыянт. Таму Беларускі архіў вуснай гісторыі вырашыў запытаць вопытных людзей пра самыя вясёлыя гульні іх дзяцінства. І вось якія парады мы атрымалі.

Можна пагуляцца «у скокалкі». Бярэцца дошка, пад яе пасярэдзіне кладзецца калода, атрымоўваецца нешта накшталт гушкалак. Толькі дзеці не катаюцца: адзін стаіць пасярэдзіне, каб утрымліваць дошку, другі становіцца з аднаго боку, трэці з другога. І скачуць, ды часам вельмі высока. У гэтую гульню гралі звычайна на вясновае свята Саракі, калі чакалі прылёту птушак. Нават казалі: «трэба сорак пампушак іспякці і сорак дошчак пераламаць». Аднак, цяперашняя лагодная зіма дазваляе пагуляць у скокалкі не чакаючы вясны. 

Любая пара году пасуе для гульні «у клёка»: экіпіроўка мінімальная, затое які азарт!

 

 

Для вялікіх кампаній падыйдзе гульня, прапанаваная ў відэаінструкцыі:

 

 

Можна пагуляць «у пікара». У гульні ўдзельнічае адвольная колькасць дзяцей, чым болей, тым весялей. Пікар – гэта кій, убіты ў зямлю. Правіла гульні: адзін гулец убівае ў зямлю пікар і становіцца пры ім са сваім кіем у руках. Задача іншых гульцоў, якія стаяць наводдаль, збіць пікар сваімі палкамі, якія яны кідаюць па камандзе пікаршчыка. Калі гэта ім удаецца, пікаршчык імкнецца зноўку ўтыркнуць пікар у зямлю. Іншыя ўдзельнікі не стаяць без справы, а бягуць да пікара і спрабуюць яго зноў паваліць. У той жа час, пікаршчык, калі ў яго атрымоўваецца паставіць пікар (менавіта ў той момант, калі пікар утыркнуты ў зямлю), сваім кіем імкнецца дакрануцца да іншага гульца. Калі ў пікаршчыка атрымоўваецца дакрануцца да іншага ўдзельніка сваім кіем, ужо той становіцца пікаршчыкам і гульня пачынаецца з пачатку.

Наступная гульня хутчэй хлапчуковая, яна з лёгкасцю можа замяніць паўнавартасны занятак фізкультуры. Бавіцца ў яе можна як на вуліцы, так і ў будынку. Любая пару году тут пасуе, хоць больш зручна, калі апранута не шмат адзення. А яшчэ гэта цудоўны спосаб заняць сябе на перапынку ў школе.


 

Дзяўчаткам спадабаецца гульня «у кружкі», яна вельмі нагадвае карагод, але мае ўсё ж свае адрозненні – «у кружкі» можна гуляць нават удвох:

 

 

 

Калі колькасць сяброў дазваляе, можна павадзіць карагоды – гэта справа вясёлая і аднолькава пасуе для свята і штодзённай гульні, а суправаджаць карагод можна прыгожымі песнямі.

Для маленькіх дзетак дужа добра пагуляць «у сароку-варону». Гэтая пальчыкавая гульня вядомая практычна кожнаму. Аднак, паспрабуйце расказаць вядомы вершык з непаўторным моўным каларытам:


Сорока-ворона, дзеткам кашку варыла. 
Усім по-трошку дзеліла: 
этому дала, этому дала, этому. 
А ты бес мал по дроў не носіў, 
По воду не ходзіў.
Ідзі, малы, по дрова, 
Будзе тобе каша готова. 
Ідзі малы по воду, 
будзе тобе каша на поду. 
І шугі полецелі.

Ну а калі надвор'е не дазваляе бавіць час на вуліцы, то можна пагуляцца ў будынку, напрыклад, «у ката». Для гэтага трэба загадзя спячы з цеста фігурку ката. На саматканым паяску (у нашым сучасным варыянце падыйдзе любы трывалы матузок ці пас). Да столі за цвік чаплялі гэты пас. І вось хлопец едзе ката здымаць на палцы. А ўсе іншыя ўдзельнікі кажуць:

– Куды едзеш?

– Да кута.

– Па што едзеш?

– Па ката.

І спрабуе зняць таго ката. Кампанія пачынае яго смяшыць. І калі гулец не вытрымае, засмяецца, то ўжо яго замяняе наступны ўдзельнік. І так да таго моманту, пакуль таго ката не здымуць. А тады ўжо рэжуць таго ката і кожнаму мусіць дастацца кавалачак.

Усім вядомыя жмуркі, калі аднаму гульцу звязваюць вочы і ён навобмацак шукае іншых удзельнікаў і спрабуе адгадаць, каго атрымалася злавіць.

 

 

Можна зладзіць майстар-клас па стварэнні лялькі, у інструкцыі ніжэй падрабязна апісаны прынцып скручвання лялькі. Упрыгожваць самаробную красуню можна як заўгодна, тварык можна маляваць, але можна пакінуць і без тварыку (што часта рабілася, каб не прыляпілася нічога кепскага да ўладальніка цацкі). Гэта трэба сказаць цудоўны спосаб зрабіць сваю калядную ялінку непаўторнай. 

 

У падрыхтоўцы матэрыяла мы выкарыстоўвалі ўспаміны Ганны Ж., Вольгі Г.Ноны Ц., Матроны С.Любові Я., Леаніда Э., Валянціны Т.

У якасьці загалоўнай ілюстрацыі выкарыстана карціна Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Дзіцячыя гульні».

Каментары да навіны: