«Памёр ваш дзядуля, мы вам зараз пакажам!». Антысемітызм у міжваенным Гродна

2017-02-01

Пасля савецка-польскай вайны, Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы. Рыгор Х. узгадвае, якім было жыццё гарадзенскіх габрэяў у гэты час і чаму студэнты атрымоўвалі адукацыю стоячы ля вакна. 

«Я нарадзіўся 27 снежня 1924 года, тут, у Гродне. [...] Наша сям'я складалася з бацькі і маці маіх, і старэйшай сястры, якая была на 4 гады старэйшы за мяне. Акрамя таго, у гэтым жа доме жыў дзядуля па маці з сынам і яго сям'ёй: муж, жонка і дзве дачкі былі. [...] Дзеда майго па бацьку я не ведаў. Ён быў забіты легіянерамі польскімі ў 20-ым годзе, па-зверску забіты. Дома мы размаўлялі на ідыш. [...] У харчаванні мы трымаліся гэтых запаветаў паводле Торы. [...]

У Польшчы да вайны, перад нападам Гітлера ў верасні 1939 года было амаль тры з паловай мільёны габрэяў, 10% насельніцтва было габрэйскім. А габрэяў вінавацілі ў чым заўгодна: што яны забілі Ісуса Хрыста. То бок я, як габрэй, павінен несці гэтую віну і сёння. Раней за тое, што забілі Хрыста габрэі, так лічылі па меншай меры, былі казанні ў касцёлах. Былі тады, у той час, непісьменныя або малапісьменныя, Вы ведаеце, наогул. Асабліва вясковае насельніцтва, а тады ж у асноўным было вясковае, гарадскога было адносна мала тады. Гэта было і ў Польшчы, гэта было, і ў Савецкім Саюзе, і ў іншых краінах. Таму да габрэяў ставіліся прадузята, а часцяком вельмі нават варожа. І тым не менш, у даваеннай Польшчы мы мелі свае школы, і нам дазвалялася выкладаць на, або вывучаць любую мову ці ідыш, або іўрыт. Вывучаць гісторыю, геаграфію, рэлігію, маліцца. Былі абмежаванні многія: падаткі, з працай было вельмі цяжка. Але прайсці вуліцу тут, каб цябе не аблаялі за тое, што ты габрэй –  вельмі часта. Маглі кінуць каменем у цябе за тое, што ты габрэй. Надпісы былі: «Бі жыда!», «Не купляй у габрэя!». Ці пікеты, якія не дазвалялі купляць у габрэяў. Аднойчы нават было, што рамізнікі, тады не было таксі, а былі рамізнікі. Рамізнікі насілі такія асаблівыя шапкі чорныя, круглыя. І аднойчы ўсё рамізнікі – не габрэі апранулі на свае шапкі стужку белую з чорным надпісам: «chrześcijańska dorożka» – «хрысціянскі фурман». Каб часам паляк, ці беларус, ці рускі, наймаючы рамізніка кудысьці ехаць, не зняў габрэйскага рамізніка. Былі людзі прынцыповыя –  не яўрэі, якія па чарзе, хто стаяў – яны садзіліся, не звярталі на гэта ўвагі. Але гэта, не сказаў бы, што большасць. Я вось Вам факты прывёў. [...]

Габрэі ў міжваеннай Польшчы. Фота: http://supron-licvin.livejournal.com/

Вось тут недалёка, амаль побач былі, тут дом. І мой настаўнік папрасіў мяне, каб я дапамог яго дачцэ ў вучобе. Я вучыўся добра. Мне няёмка пра сябе гаварыць, зразумейце мяне, але так было. Яна была на два гады маладзейшая за мяне ці на год маладзейшая за мяне. Так ён прасіў мяне дапамагчы ёй па матэматыцы і па іўрыце, што я і рабіў. Я павінен быў ісці дадому далёка, вяртацца, ісці пешшу. Тады не было ні аўтобусаў, нічога. Да чаго я хачу сказаць: ля ўваходу ў іх дом стаяў, можа ён быў паляк, напэўна, я не пытаўся. Старэйшы за мяне гады на чатыры, вышэй і мацней. І кожны раз мяне збіваў толькі таму, што я габрэй. Спрабаваў я з ім біцца, але разумееце, калі мне было, скажам, дванаццаць, а яму шаснаццаць ці колькі яму, ён і вышэйшы за мяне і мацнейшы. Так толку з гэтага. Сказаць майму настаўніку я саромеўся. Неяк сорамна прызнавацца. Калі праходзіў, яго не было  я быў шчаслівы, так. А калі ён быў, то абавязкова мяне ударыць толькі за гэта.

Гарадзенская драўляная сінагога, 1930-я гг. Фота: http://supron-licvin.livejournal.com/

Таму, калі мы гаворым пра наша жыццё, яно было дваякае: з аднаго боку, мы мелі права вучыць усё габрэйскія – тое, што мы хацелі, з другога боку, нас абмяжоўвалі ў прыёме на працу. Нават школа наша мела, я не ведаю, як бы гэта потым адбілася, вайна ўсё знішчыла, мела катэгорыю «С». Так, «А», «В», «С». Яны [польскія гімназіі, –  пер.] мелі катэгорыю «А». Ну, мабыць, дыплом з такой катэгорыяй даваў нейкія перавагі, напэўна, я не ведаю. Я яшчэ да гэтага не дайшоў, каб гэта потым выкарыстоўваць. Яшчэ адзін прыклад. Пасля прыходу Гітлера да ўлады ў Германіі, антысемітызм у Польшчы рэзка ўзрос. І асабліва ён узрос пасля смерці кіраўніка дзяржавы Польшчы, быў такі Юзэф Пілсудскі. Магчыма, чулі пра яго, так? Ён быў у чымсьці жорсткім чалавекам, але справядлівым. І пры яго жыцці антысемітам свабоды такой не было. Ён стрымліваў, па меншай меры, такія спробы. І калі ён памёр, нам казалі: «Zmarł wasz dziadek, my wam teraz pokażemy!» Гэта значыць, «памёр ваш дзядуля, мы вам зараз пакажам!». І ў гэты ж год, ён памёр у 35-ым годзе, у Гродне быў пагром. Хваля пагромаў прайшлася па ўсёй Польшчы тады. Вядомы гарадок Пшытык – там вельмі жорсткія пагромы. Ну, у Гродне ад пагрому тады загінула тры чалавекі – да смерці забілі. Некалькі дзясяткаў было пакалечана, паранена. Дамы былі многія там, выбітыя шыбы, выламаныя дзверы. Людзі былі там збітыя, разрабаваныя крамы. Гэта было ў Польшчы яшчэ да, да, да Другой сусветнай вайны.

Перавернутая будка – вынік пагрома ў 1935 годзе. Фота: http://supron-licvin.livejournal.com/

І яшчэ адзін прыклад характэрны. [...] У польскіх універсітэтах, па-мойму, у 36-ым годзе або 37-ым, адвялі спецыяльныя месцы для габрэяў. Гэта значыць зрабілі ва ўніверсітэтах гета. Габрэйскія студэнты абвесцілі пратэст гэтаму. І яны адмовіліся сесці на гэтыя месцы. Улады не ўмяшаліся ў гэта. Як Вы ведаеце, любая вышэйшая навучальная ўстанова мае сваю асаблівую аўтаномію. [...] І яны вучыліся гадамі, сканчвалі універсітэты, стоячы каля сцяны або ля вокнаў. Іх лавы, месцы стаялі пустымі, яны, пратэстуючы супраць такога нялюдскага абыходжання, гэтыя месцы не займалі. Гэта было ў Польшчы да вайны. І на наш лёс адбіўся яшчэ адзін факт. Так, хвілінку, я хачу сказаць, што тады ў Польшчы, у Гродне ў прыватнасці, былі розныя габрэйскія школы, і тэатр габрэйскі, і бібліятэкі габрэйскія, і спартовыя клубы габрэйскія і лагеры летнія і зімовыя, дзе адпачывалі дзеці. Паліклінікі для дзяцей габрэйскіх, бальніца габрэйская, дом сірот, так, габрэйскі, вар'ятня габрэйская была. Таму што трэба не забываць, была і ежа асаблівая. Нельга было дапусціць, каб габрэй еў, скажам, свініну ці нешта іншае і так далей. Усё гэта было ў той жа Польшчы, нароўні з умовамі, у якіх было вельмі цяжка. Габрэяў не бралі на працу. Ва ўстановах дзяржаўных каб былі служачыя габрэі – гэта наогул, нават і ў галаву не прыходзіла».

Гэта першая частка ўспамінаў Рыгора Х., у наступным артыкуле ён раскажа, як пачалася вайна і што змянілася пасля прыходу «першых» Саветаў.

У падрыхтоўцы матэрыяла была выкарыстана транскрыпцыя інтэрв'ю Рыгора Х. з калекцыі Алесі Белановіч «Остарбайтэры».  Усе архіўныя матэрыялы даступныя пасля рэгістрацыі.

Пераклад з расейскай мовы і рэдактура Ганны Кавалёвай. 

Каментары да навіны: