Навуковая канферэнцыя «Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і краін Цэнтральна-ўсходняй Еўропы»

2013-08-26

Інстытут «Палітычная сфера» аб’яўляе пра правядзенне Трэцяй міжнароднай навуковай канферэнцыі «Войны ў палітычнай і культурнай традыцыі Беларусі і краін Цэнтральна-ўсходняй Еўропы», якая адбудзецца ў Мінску 30–31 траўня 2014 г. 

Плануецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел каля 40 навукоўцаў з Беларусі і краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

2014 год — гэта год, калі ў Беларусі будуць шырока адзначацца тры важныя юбілеі: 500-я ўгодкі Аршанскай бітвы, 100-годдзе пачатку Першай Сусветнай вайны, 60-годдзе вызвалення Мінска (Беларусі) ад войск нацысцкай Германіі. Усе гэтыя падзеі звязаныя з вайсковай гісторыяй нашай краіны, але маюць розныя палітычныя і ідэалагічныя значэнні, адсылаюць да розных версій тлумачэння мінулага краіны і святкуюцца рознымі палітычнымі сіламі.

Юбілейны 2014 год дае выдатныя падставы паразважаць, наколькі шматлікія войны паўплывалі на развіццё палітычных інстытутаў і культурныя традыцыі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якім чынам ў дадзеным рэгіёне фармаваліся асноўныя шляхі рэпрэзентацыі вайсковай гісторыі, як фармавалася культурная памяць пра войны і культура святкаванняў перамог і асэнсавання паразаў.

Асноўныя тэмы для разгляду:

1) Аршанская бітва і войны XVI стагоддзя ў гісторыі, гістарыяграфіі ды ідэалогіі Беларусі і іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

2) Першая сусветная вайна і паўстанне Беларусі як палітычнага суб’екту.

3) Роля Першай сусветнай вайны ў палітычным і культурным пераўладкаванні Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

4) Вызваленне, акупацыя, збройны супраціў: 1944 год у гісторыі і гістарыяграфіі народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

5) Культура памяці і вайна ў Беларусі: Дзень Вайсковай славы, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці.

6) Культура памяці, нацыянальныя святы і войны ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Таксама ў межах канферэнцыі адбудзецца некалькі публічных мерапрыемстваў (дыскусіі, лекцыі).

Восенню будзе абвешчаны збор заявак на ўдзел у канферэнцыі. Плануецца, што па вынікам канферэнцыі выйдзе тэматычны нумар часопіса «Палітычная сфера».

Вітаюцца прапановы і далучэнне партнёрскіх інстытуцый у якасці суарганізатараў мерапрыемства.

Каментары да навіны: