Падача заявак на тэарэтычны курс вуснай гісторыі

2013-09-13

Шаноўныя сябры, Лятучы ўніверсітэт аб'яўляе падачу заявак на Курс "Вусная гісторыя: тэорыя і практыка" (2013-2014 год), які вядзе Алесь Смалянчук, гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута славістыкі ПАН(Варшава).

Вусная гісторыя – навуковая гістарычная дысцыпліна, якая мае ўласны даследчы метад (інтэрв’ю), з дапамогай якога фіксуюцца веды чалавека пра эпоху, у якую давялося жыць. Для постсавецкай прасторы гэта адносна новы і перспектыўны накірунак гістарычных даследаванняў, бо тэорыя і практыка вуснай гісторыі дапамагае пераадолець элітарны погляд на грамадскія працэсы і падзеі сусветнай гісторыі, дае магчымасць выказацца г.зв. “маўклівай большасці гісторыі”(Арон Гурэвіч).

Падчас інтэрв’ю даследчык сутыкаецца з індывідуальнай інтэрпрэтацыяй падзеяў, дзе часцяком немагчыма раздзяліць гістарычны факт і свядомасць рэспандэнта. Вусная гісторыя непазбежна акцэнтуе ўвагу на дыялогу гісторыка і крыніцы, абвастрае праблему навуковай верыфікацыі і інтэрпрэтацыі атрыманага гістарычнага матэрыялу. Але асаблівая каштоўнасць вуснай крыніцы заключаецца не столькі ў яе адпаведнасці рэальным фактам, колькі ў яе адхіленнях ад фактаў, у якіх праяўляецца чалавечая фантазія, боязь, мары, пажаданні і г.д. Між іншым гэта дазваляе даследчыку падслухаць тое, што вывучаемая супольнасць не здолела альбо не пажадала пра сябе распавесці.

Курс дапаможа авалодаць навыкамі складання апытальніка, правядзення інтэрв’ю, верыфікацыі і інтэрпрэтацыі атрыманай інфармацыі і, такім чынам, самастойнага вырашэння пэўнай даследчай задачы.

Асаблівасцю курса з’яўляецца выкарыстанне на занятках матэрыялаў, сабраных падчас палявых даследаванняў, у т.л. экспедыцый 2011 – 2013 гг. Беларускага архіва вуснай гісторыі.

Заяўкі прымаюцца да 27 верасня.

Падаць заяўку 

Каментары да навіны: