Конкурс "Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі"
- Тэма конкурсу
- Умовы ўдзелу ў конкурсе
- Конкурсныя працы
- Літаратура
- Прыклады інтэрв'ю
- Матэрыялы для працы
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС – буйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі Беларусі, хаця і здарылася яна на тэрыторыі Украіны. Катастрофа і яе наступствы з гадамі перастаюць быць пытаннем сённяшняга дня і пераходзяць ў сферу палітыкі памяці. У 2016 годзе споўніцца ўжо 30 гадоў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Гісторыя Чарнобыльскай катастрофы – гэта не толькі падзеі 26 красавіка 1986 года. Гэта таксама гісторыя паўстання ядзернай энергетыкі – экалагічна бруднай, але шчыльна звязанай са стварэннем ядзернай зброі і схаванай за заслонай сакрэтнасці. Гэта гісторыя спозненай ёдавай прафілактыкі, з-за чаго тысячы жыхароў Беларусі захварэлі на рак шчытападобнай залозы. Гэта гісторыя таго, як перапрацоўвалася на ежу забруджаная сельскагаспадарчая прадукцыя. Гэта праўда пра памеры забруджвання, якую некалькі гадоў хавалі ад публікі...
Чарнобыльская катастрофа працягваецца і будзе працягвацца яшчэ вельмі доўга (перыяд паўраспаду плутонію-239 складае 24360 гадоў). Пра яе напісана даволі шмат журналісцкіх артыкулаў і публіцыстычных кніг, апублікавана мемуараў, знята фільмаў, праведзены (хаця і не вычарпальныя) біялагічныя і медыцынскія даследаванні, створаны дысертацыі па сацыялогіі. Але гісторыкі Беларусі пакуль звяртаюць на звязаныя з Чарнобыльскай катастрофай падзеі мала ўвагі.
Найбольш агульна праблемнае поле можна апісаць наступным чынам.
1. Жыццёвыя шляхі беларусаў і Чарнобыль. Як паўплывала катастрофа і яе наступствы на паўсядзённае жыццё людзей: тых, хто застаўся на забруджаных тэрыторыях, тых, хто з’ехаў і пачынаў новае жыццё ў іншым месцы, тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі, яе наступстваў, і іх сем’яў? Як склаліся лёсы і кар’еры дзяцей? Якія жыццёвыя стратэгіі яны абіралі? Як вызначаюцца чарнобыльскія падзеі ў жыццёвых апісаннях і ўспрыняцці свету, краіны, сябе?
2. Культурныя і сацыяльныя змены пад уплывам Чарнобыльскай катастрофы. Якія новыя сацыяльныя групы і стасункі ў зніклі пасля катастрофы? Якім было і ёсць зараз стаўленне да “перасяленцаў”, “ліквідатараў”? Што адбывалася з традыцыйнай культурай забруджаных раёнаў? Як адбіваецца катастрофа на сучасным вобразе і культуры Беларусі?
3. Інстытуцыйныя і палітычныя змены ў беларускім грамадстве пасля чарнобыльскай катастрофы. Як паўставалі новыя палітычныя і сацыяльныя практыкі, рухі і групы пасля катастрофы (эколагі, сацыяльная дапамога, праграмы аздараўлення)? Як паўплывала іх дзейнасць на сучасны стан беларускага грамадства, што яны ўяўляюць сабой зараз? Якія заканатворчыя і палітычныя ініцыятывы паўставалі, дзейнічалі, адмяняліся? Хто ў іх удзельнічаў? Як да гэтага ставіліся ліквідатары, перасяленцы і людзі, што засталіся на забруджанай тэрыторыі?
4. Невядомыя старонкі і белыя плямы ў гісторыі Чарнобыльскай катастрофы. Як адбывалася адсяленне, якія версіі прапанавала ўлада і што было насамрэч? Хто і як ішоў у ліквідатары? Як працавалі праграмы падтрымкі і дапамогі? Як захоўваецца памяць, ці скажаецца яна, ці патрабуюцца дадатковыя высілкі для захавання?
Тэматыка для магчымых конкурсных прац, як і для даследаванняў гісторыкаў з навуковымі ступенямі, дастаткова шырокая. Вось некалькі магчымых накірункаў для Вашай працы.
Вы можаце запісаць гісторыі сваіх сваякоў ці гісторыі з сем'яў сяброў, знаёмых. Амаль у кожнай сям'і хтосьці быў закрануты Чарнобылем: быў ліквідатарам, ці быў вымушаны пераехаць, ці жыве на забруджаных землях. У такім выпадку тэматыка Вашай працы будзе зыходзіць з таго, якія гісторыі Вы пачуеце.
З іншага боку, Вы можаце падабраць сабе рэспандэнтаў па сацыяльных групах. Вось некаторыя з іх.
Ліквідатары. Хто стаіць за гэтым зборным тэрмінам? Ці па сваёй волі яны трапілі ў “гарачую кропку”? Ці ведалі яны болей за іншых жыхароў Беларусі пра катастрофу? Як і дзеля чаго яны стваралі грамадскія аб'яднанні? Ці атрымалі яны і ці працягваюць атрымліваць дастатковую медыцынскую дапамогу і сацыяльную абарону?
Перасяленцы. Адкуль, куды і калі яны пераехалі? Ці па ўласнай ініцыятыве? Ці аказвала дзяржава дапамогу пры пераездзе? Як перасяленцы прыжыліся на новых месцах?
Актывісты чарнобыльскіх ініцыятыў і арганізацый (сама)дапамогі. Калі і як гэтыя ініцыятывы і арганізацыі паўставалі? Якімі былі іх мэты і задачы (аздараўленне дзетак, дапамога хворым, распаўсюд праўдзівай інфармацыі, экалагізацыя ладу жыцця...)? Чаму яны заняпалі, згарнулі сваю дзейнасць? Ці былі вырашаны іх задачы, дасягнуты мэты?
Дзейнасць міжнародных арганізацый па чарнобыльскай тэматыцы. Якім было міжнароднае водгулле Чарнобыльскай катастрофы?
Сярод сацыяльных груп варта таксама назваць наступныя: жыхары забруджаных тэрыторый; дзеці Чарнобыля, якія выязджалі на аздараўленне ў краіны Заходняй Еўропы; медыцынскія работнікі, якія мелі і маюць справу з непасрэднымі і аддаленымі наступствамі ўздзеяння радыяцыі; навукоўцы, якія вывучалі (вывучаюць) наступствы Чарнобыльскай катастрофы; былыя чыноўнікі, партыйныя работнікі ці дэпутаты, якія могуць пракаментаваць рашэнні, што прымаліся ў 1986 годзе ці пазней.
Нарэшце, Вы можаце ўзяць для распрацоўкі які-небудзь вузкі сюжэт. Гэта можа быць цікава і выклікаць сапраўдны даследчыцкі азарт, але трэба мець на ўвазе, што будзе не так проста знайсці рэспандэнтаў. Выбар вузкай тэмы можа быць прадыктаваны Вашай спецыяльнасцю.
Гэтым пералік магчымых тэм і пытанняў для конкурсных прац не вычэрпваецца. Ёсць яшчэ дзясяткі тэмаў, якія варта абмяркоўваць. Важна, каб пры падрыхтоўцы працы выкарыстоўваліся не толькі публікацыі ці архіўныя крыніцы, але і вусныя ўспаміны людзей, на лёс якіх паўплывала катастрофа.
Да разгляду прымаюцца працы, зробленыя не толькі ў рэчышчы вуснай гісторыі, але і сацыялогіі, паліталогіі, сацыяльна-культурнай антрапалогіі, гісторыі навукі (ў тым ліку прыродазнаўчых дысцыплін), даследчай журналістыкі. Галоўнае патрабаванне – конкурсная праца павінна грунтавацца на інтэрв'ю са сведкамі часу.