Гістарычны ўікэнд

2014-04-14

У будынку на вул. Будзёнага ў гэты дзень сабраліся настаўнікі з розных куткоў Беларусі: з Менску, Маладэчна, Віцебску, Брэсцкай вобласці, а таксама гарадзенскія аматары вуснай гісторыі.

Напачатку сустрэчы Алесь Смалянчук расказаў прысутным пра феномен вуснай гісторыі, сітуацыю з вуснагістарычнымі даследаваннямі на Беларусі, а таксама распавеў пра асаблівасці памяці пра ХХ стагоддзе. Прафесар падзяліўся шматлікімі гісторыямі з экспедыцый і ўласнага даследчага вопыту.

Наўздагон за Алесем Фёдаравічам, пра вопыт экспедыцыйнага жыцця расказаў адміністратар праекта БАВГ Павел Сітнік. Ён жа звярнуў увагу на хуткае адкрыццё сезону вандровак. Павел зазначыў, што каманда архіва заўжды рада, калі да справы захавання гісторыі далучаюцца новыя людзі, і запрасіў усіх да ўдзелу ў будучых палявых даследаваннях.  

Нягледзячы на тое, што прысутныя настаўнікі даўно цікавяцца вуснай гісторыяй, на практыцы гэты метад яны амаль ніколі не прымянялі. Прастата вуснагістарычага метаду – ўяўная, гэткае даследаванне мае вельмі шмат тонкасцяў і патрабуе падрыхтоўкі. Разабрацца з асаблівасцямі вуснай гісторыі дапамагала Таццяна Касатая – гісторык з Гродна і вопытны інтэрв’юер. Яна распавяла пра асаблівасці збору, апрацоўкі і выкарыстання вусных успамінаў, а таксама пра магчымасці карыстання архіўным фондам  Беларускага архіва вуснай гісторыі.

З мерапрыемствамі, ініцыяванымі БАВГ, настаўнікаў пазнаёміла Вольга Цадко, а пасля запрасіла ўсіх жадаючых да ўдзелу ў новых цікавых вуснагістарычных праектах. 

Настаўнікам вельмі спадабалася ідэя выкарыстання вуснай гісторыі на занятках, бо гэта вельмі проста і эфэктыўна – разнастаіць сухую інфармацыю падручніка жывым голасам сведкі часу. Балазе, Архіў разам з невялікім калектывам таленавітых настаўнікаў ужо мае некаторыя напрацоўкі для правядзення заняткаў, якімі можна скарыстацца. Што праўда, кожны настаўнік можа не толькі ўзяць чужыя даследаванні, але і самастойна правесці апытанне сведкаў часу, і паспрабаваць зацікавіць гэтым сваіх вучняў.

Немалы інтарэс у прысутных выклікаў конкурс  «1939 год у памяці жыхароў Беларусі», які будзе цягнуцца да 15 мая. Некаторыя настаўнікі не проста хочуць паўдзельнічаць у ім разам са сваімі вучнямі, але як стала вядома на сустрэчы, ужо займаюцца разам са сваімі гадаванцамі напісаннем тэкста і гатовыя пазмагацца за прызы. 

                                 

Трэба сказаць, што каманда Беларускага архіва вуснай гісторыі праводзіць далёка не першую падобную сустрэчу, і з кожным разам інтарэс да нашых мерапрыемстваў становіцца ўсё большым. Навукоўцы, настаўнікі і проста аматары гісторыі гатовыя не толькі даследаваць сваю мінуўшчыну, але выкарыстоўваць для гэтага розныя метады, гатовыя вучыцца новаму і далучаць да гэтай справы маладое пакаленне. 

Каментары да навіны: