Пайшоў з жыцця пісьменнік Уладзімір Дамашэвіч

2014-05-08

30 красавіка памёр Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч, беларускі пісьменнік, супрацоўнік выдавецтва «Народная асвета», з 1973 па 1977 і пасля з 1978 па 1988 гг. загадчык аддзела прозы часопіса «Маладосць», потым рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Ірыне Кашталян у 2009 годзе ўдалося ўзяць цікавае інтэрв'ю ў літаратара, распытаць пра яго дзяцінства, бацькоў і даведацца, ці было ў ягоным жыцці шчасце.

Жыў Уладзімір Максімавіч са сваёй сям'ёй на хутары: «Ну на вёсцы мы жылі і на хутары. Вот такое было поле сярод лесу, выкарчаваны лес. Дык мы называліся – жывём на вялікім полі. І так па баках во гэтай лапіны стаялі хаты. Недзе там дзесяць ці дванаццаць хат. Так глядзелі на гэтае поле... А хаты самі ў лесе. Такі пейзаж быў вельмі прыгожы».

Уладзімір Максімавіч нарадзіўся ў 1928 годзе, але водгукі Першай сусветнай вайны не абмінулі і ягонае пакаленне: «Гэта было месца якраз баёў, калі ў 16-м ужо годзе немцы ўжо прыйшлі туды і па Шчары быў фронт. І ў нас якраз каля нашага поля былі нямецкія бліндажы. Многа там набудавалі немцы [...] Тых бліндажоў каля нас было недзе штук 10 можа ці больш. Вялізныя такія і полутакія як паўзямлянкі ўмацаваныя. І такія высозныя вялікія, там, відаць, коні стаялі, фураж які-небудзь быў. Замаскіраваныя нават былі, пасланая зямля наверсе. І пасаджаныя дрэўцы. Такія вот немцы былі акуратысты на гэты конт. Пасля мы па этых ужэ тых хадзілі па слядах этых немцаў. І па сметніках рыліся дзеці... І патроны там збіралі. І гранаты былі. І падрываліся некаторыя».

Жыла сям'я ў Заходняй Беларусі, пад Польшчай. Таму Уладзімір Максімавіч 4 гады наведваў польскую школу, вучыцца падабалася, бо быў здатны да навукі. Памятае ён і пра палітычныя настроі таго часу: «Многія тады беларусы і нават палякі было – сядзелі ў турмах за схільнасць да СССР. Тады радыё было, а па радыё ведаеце як умеюць агітаваць? Усе лічылі, што ў Савецкім саюзе тут такі рай, што ой-ёй-ёй. Як тут людзі жывуць. Былі такім духам прасавецкім ахо...[ахоплены]».

Можна сказаць, што першым чалавекам, які прывёў Уладзіміра Максімавіча да беларушчыны быў яго дзядзька. Ён сядзеў у польскай турме за тое, што быў ратоўцам, прыхільнікам СССР. Менавіта дзядзька яшчэ да турмы падараваў пляменніку буквар менскага выдання «Першыя зярняткі», а разабрацца з кірыліцай дапамагалі ўжо бацькі, якія атрымалі школьную адукацыю яшчэ за царом.

Як і для многіх беларусаў, жыццё сям'і Уладзіміра Максімавіча перамянілася пасля 1939 года., калі ў Заходнюю Беларусь прыйла Чырвоная армія. Пачаліся дэпартацыі, рэпрэсіі, людзі спазналі, што такое чэргі за цукрам і хлебам. 

Сталінскія чысткі не закранулі сям'ю Уладзіміра Максімавіча – яны былі бедныя і на меркаванне савецкай улады не з'яўляліся ворагамі. Так ці інакш, будучы літаратар працягваў вучыцца ўжо пры Саветах, але не доўга  пачалася Другая сусветная вайна. Уладзімір Максімавіч узгдвадвае: «Я пайшоў у школу. Ужо ў нямецкую школу. У сёмы клас [...] Але не скончыў, бо фактычна не было ў чым хадзіць. Трэба было за 5 км, за 6 хадзіць у школу. А эта была не так проста». Пры немцах жыццё было цяжкае, прыйшлося аддаць немцам карову і свінчо, яны нават давалі за скаціну маркі, але то былі «капейкі».

У 1941 годзе хлопцы з некалькіх вёсак арганізавалі падполле, аднак, пабыло тое не доўга, ужо прыканцы года немцы расстралялі ўсіх удзельнікаў. Пазней пра тыя падзеі Уладзімір Максімавіч напіша аповесць «Першым заўжды цяжка», у суаўтарстве з Уладзімерам Сазановічам.

Скончылася вайна. Вось як узгадваў той дзень Уладзімір Максімавіч: «А пасля дырэктар аб'яўляе, што вот перамога. Скончылася вайна. Сёння вы, так сказаць, вольныя, можаце ісці дадому. І што ж вы думалі. Недзе там з этых хлопцаў. З даматканаўскіх ці сцяпурыцкіх знайшлі, знайшлі. У іх быў, відаць, эты ручны кулямёт. Але толькі фактычна жалезная яго частка, оступ. Без этай дзіска-талерска і без всякіх іншых этых прыладаў, якія звычайна пры этым кулямёце. Нават без прыклада. Але страляў яшчэ і засаджваеш патрон у патроннік і рукаяткай. Такая рукаятка кароткая для зарадка і перазарадкі. І гэтай рукай так вот [ляпае рукой] аб слуп мы білі. І ён страляе як адзіночнымі стрэламі. І штук недзе 10, вот такі салют далі  з гэтых вот. З гэтага кулямёта. Адзначылі».

Нягледзячы на вельмі цяжкае і беднае пасляваеннае жыццё, Уладзімір Максімавіч скончыў 10 касаў і паступіў ва ўніверсітэт на беларускае аддзяленне філфаку. Гэта быў першы набор на беларускае аддзяленне. 

Пісьменнік узгадвае сваё першае наведванне Мінску, якое было ў 1948 годзе падчас здачы іспытаў на філфак: «Яшчэ было страшэнна разбураны. І асабліва вот эты праспект, які цяпер. Такі быў прыгожы. Тады канчаўся недзе вот зусім, дзе цяпер гэты дом КГБ. Там ён яшчэ нават трошкі раней канчаўся праспект. А там быў зусім прабел такі, прагал, а патом ужэ там за Камароўкай во гэты Дом друку, якія часам я тады хадзіў. А ўражанне цяжкае было ад гэтага ўсяго, вельмі цяжкае. Руіны, руіны. Няміга была больш-менш яшчэ цэлая».

Атмасфера ва універсітэтах у той час была не вельмі здаровая: «У гэтае «пракруставае ложа» марксісцкай ідэалогіі. Як чуюць, што выпірала, як нейкая думка ў яго была свая. А крый Божа, крытычная яшчэ да гэтага марксізма. Ужэ чалавеку месца не было. Ужэ яго сплаўлялі».

Цікава, што пасля сканчэння універсітэта будучаму пісьменніку прапанавалі не абы-якую пасаду цэнзара ў маскоўскім Галоўліце, але больш прывабнай прапановай Уладзімір Максімавіч палічыў месца рэдактара выдавецтва «Учпедгіз» (потым «Народная асвета»). Працаваў ва «Учпедгізе» тры гады, пасля перайшоў у «Мастацкую літаратуру». Вось што ён узгадваў пра сваю рэдактарскую дзейнасць: «У мяне было шмат такіх выпадкаў, калі я заступаўся за аўтара, а патом кніжка ўжо выходзіла, а патом яе білі ў прэсе. А патом ужо білі мяне, што я быў такі рэдактар. Ну як, дырэктар пісаў ці не экстрэміст, ён казаў: «Ліберал ты, ліберал»

Такія паводзіны не маглі застацца незваўважанымі і пасля скандальнага звальнення, на працу нікуды не прымалі. Прыйшлося ненадоўга вярнуцца на ранейшую пасаду ў «Народную асвету». Потым былі  «Полымя » і «Маладосць».

Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч пражыў багатае жыццё, шмат зрабіў для беларускай літаратуры і беларушчыны. Памяць пра яго будзе жыць у ягоных справах.

Каманда Беларускага архіва вуснай гісторыі выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Уладзіміра Максімавіча.

Больш падрабязна пазнаёміцца з успамінамі Уладзіміра Максімавіча можна ў аднайменнай галіне калекцыі Ірыны Кашталян

Каментары да навіны: