Шляхі вялі ў Магілёў

2014-05-18

Толькі мы вярнуліся з экспедыцыі па Гомельшчыне, і зноў трэба было збірацца ў дарогу. Гэтак 15 мая Беларускі архіў вуснай гісторыі адправіўся ў Магілёў. Мэты ў нас амбітныя – каб у кожным кутку Беларусі ведалі пра вусную гісторыю і яе велізарны патэнцыял. Зрэшты, рэспандэнты ёсць паўсюль, і чым болей ахвочых атрымаюць веды аб зборы ўспамінаў, тым меней белых плямаў застанецца ў беларускай гісторыі.

Паехалі мы на сустрэчу з адукаванымі людзьмі – настаўнікамі Магілёўшчыны. Можна сказаць, што  даследаванне таго ці іншага рэгіёна Беларусі шмат залежыць менавіта ад іх. 

Настаўнікі з цікаўнасцю паставіліся да тэмы семінара

 

На думку шараговага абывацеля, вусная гісторыя – гэта нешта накшталт размовы па шчырасці на кухні. Паразмаўляў, сяк-так запісаў – вось табе і гісторыя. Нашыя спецыялісты імкнуцца развеяць гэты міф. Гэтым разам Ірына Кашталян і Вольга Цадко прысвяцілі некалькі гадзін свайго часу і правялі адмысловы семінар «Вусная гісторыя ў адукацыцйным працэссе»

Ірына Кашталян сапраўды можа распавесці надзвычай шмат карыстнага для аматараў вуснай гісторыі: ужо шмат гадоў яна арганізоўвае экспедыцыі, даследуе тэмы голаду і паваеннай штодзённасці. У межах семінара Ірына не толькі расказала аб тым, што такое вусная гісторыя, але і навучыла паслядоўнаму стварэнню ўласнага вуснагістарычнага праекта. Варта спадзявацца, што цяпер мясцовая ініцыятыва па зборы ўспамінаў набудзе сваю завершаную форму і выйдзе за межы хатніх архіваў: з’явяцца публікацыі, кола тэмаў даследаванняў пашырыцца.

Ірына Кашталян распавядае пра тонкасці працы вуснага гісторыка

 

Як бы тое не было, самае важнае пытанне для настаўніка – якім чынам зацікавіць вучня матэрыялам – хвалюе таксама і супрацоўнікаў БАВГ. Менавіта таму быў здзейснены вялікі праект «Даць гісторыі голас і твар», мэта якога стварыць адукацыйны прадукт для выкарыстання на занятках у школе. Вынікам праекту стаў з матэрыяламі для навучання. Вольга Цадко, куратар конкурса для школьнікаў «1939 год у памяці жыхароў Беларусі», расказала пра выкарыстанне вуснай гісторыі на занятку, пазнаёміла з матэрыяламі дыска і запэўніла, што з дапамогай успамінаў сведкаў шараговы школьны занятак здольны ператварыцца ў маленькую падзею для навучэнца і яго настаўніка.

Вольга Цадко пра вусную гісторыю ў школе

 

Напрыканцы сустрэчы адбылася дыскусія, настаўнікі задавалі як практычныя пытанні па арганізацыі навучальнага працэсу з дапамогай новых матэрыялаў, так і спрабавалі знайсці адказы на хвалюючыя пытанні гісторыі. 

Каманда БАВГ шчыра дзякуе наведнікам семінара за іх актыўнасць і зацікаўленасць. Варта спадзявацца, што з кабінетаў гэтых настаўнікаў выйдзе не адзін прафесійны гісторык, які прысвяціць жыццё даследаванню гісторыі свайго краю. 

Каментары да навіны: