Гістарычная субота ў «ЛогвінаЎ»

2014-05-30

На прэзентацыі гістарычных выданняў «Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні»  і «Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944—1953 г.): Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі»  будуць прысутнічаць аўтары — гісторыкі Ян Шумскі і Юрась Юркевіч.

Аснову першай сярод згаданых кніг складае даследаванне беларускага гісторыка Юрася Юркевіча «Стварэнне і дзейнасць Асобнага атрада БНР у Балтыі», прысвечанае спробам стварэння беларускіх вайсковых фармаванняў у Балтыі цягам 1919 г., а таксама нарыс «Балахоўцы», напісаны сучаснікам падзей, польскім афіцэрам Станіславам Лісам-Блонскім у 1920-я гг.  Акрамя гэтага, у кнізе дадаткова змешчаныя некаторыя малавядомыя ўспаміны і дакументальныя сведчанні, датычныя жыцця і дзейнасці Станіслава Булак-Балаховіча і яго вайсковых фармаванняў, а таксама спіс усіх жаўнераў Асобнага атрада БНР па стане на канец 1919 г.  Выданне ілюстраванае, у тым ліку каляровымі ілюстрацыямі.

Як адзначае гісторык Андрэй Вашкевіч, кніга Яна Шумскага «Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944—1953 г.): Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі»«выдатнае грунтоўнае даследаванне, якое варта ацаніць як адну з найлепшых кніг па гісторыі на беларускую тэматыку... Гэта кніга аб падзеях, якія, як ужо здавалася шмат каму, застануцца толькі ва ўспамінах старажылаў і за якія ніколі не возьмецца ніхто з гісторыкаў».

На сустрэчах  будуць таксама прадстаўленыя гістарычныя выданні.

—  манаграфія Юрыя Гардзеева «Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойма»;

— даследаванне Алега Латышонка «Жаўнеры БНР»;

—  бестсэлер Марка Бартушкі «Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941—1944 гг.»;

—  манаграфія Сяргія Плахія «Рускі Вавілон: Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне і Беларусі»;

—  зборнік памяці Паўла Лойкі «Да сваёй гісторыі: Сярэднявечча і Ранні Новы час»;

—  падручнік для ВНУ Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку ХХІ ст.»;

—  зборнік «Летапісы і хронікі Беларусі. Сярэдневечча і раньнемадэрны час»;

—  кнігі Алеся Белага «Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі ХІІ –ХVIII ст.» і Эдмундаса Гімжаўскаса «Беларускі фактар пры фармаванні літоўскай дзяржавы ў 1915—1923 г.».

Гаворка пойдзе і пра свежыя нумары «ARCHE»:

4/2014 («Архітэктурная спадчына: гісторыя руйнаванняў і рэканструкцый»),

3/2014 («Віцебскія гісторыі»),

1—2/2014 («Гісторыя Беларусі ХІХ ст. у мемуарах»),

4/2013 («Беларусь у цяні Палесся»),

3/2013 («Ахвяры і каты»),

2/2013 («Гістарычная памяць і гістарычная палітыка ў Беларусі»),

12/2011 («Жанчыны ў гісторыі Беларусі») і пра дзясяткі іншых публікацый.

Сустрэча адбудзецца 31 траўня, у суботу. Пачатак а 18.00.

Даведкі па тэлефоне (29) 550 7969.

Сардэчна запрашаем!

  Паводле arche.by

 

 

Каментары да навіны: