Беларусь адзіная

2014-09-17

Савецка-польская вайна стала лёсавызначальнай для Беларусі – пасля яе сканчэння краіна была падзелена не проста напалам, ейныя часткі апынуліся ў розных ідэалагічных і светапоглядных сістэмах. Да гэтага часу не пераадолена гэтае дзяленне і мы звыкла дзелім нашу краіну на захад і ўсход. 

Беларускі архіў вуснай гісторыі тры гады даследаваў памяць сведкаў падзей восені 1939 года, якія жылі ўздоўж колішняй Рыжскай мяжы, каб знайсці адказы на шматлікія пытанні.

Мы даведаліся ў людзей пра тое, якім было жыццё на памежжы, як у Заходняй Беларусі сустракалі Чырвоную армію і як да гэтай вайсковай аперацыі паставіліся на савецкай часцы. Што змянілася пасля прыходу «першых» Саветаў і чым яны адрозніваліся ад Саветаў «другіх».

Вынікі нашых экспедыцый уражваюць.

Некаторыя сустракалі савецкую ўладу з захапленнем: «радаваліся, што царства ж будзе нябеснае» (Міцкевіч Яўгенія Мікалаеўна).

Іншыя лічылі, што гэта быў пачатак вайны: «Да какое з'еднанне! Захват! Якое з'еднанне! Хто та даваў якое з'еднанне! На... напалі на сонных, пастрэлялі всех [польскіх салдат] – эта-та точна, дзеткі, я лгаць не буду. Ці хто выжыў –  наўрад лі ці выжыў» (Варанецкая Сусанна Аляксандраўна).

Былі і такія выпадкі, калі для чалавека была дзіўнай інфармацыя аб існаванні Заходняй Беларусі: «Ну казалі, што Западную Беларусь асвабадзілі. Эта вот я-то не знаю, я-то не панімаю, калі тут была Беларусь? Я знаю што тут было Вялікае Княжэства Літоўскае, і як гэта можна сказаць, што тут асвабадзілі Беларусь, калі іе не было? Проста назвалі, во так» (Календа Ядвіга Уладзіміраўна).

Чаму так? Адказ насамрэч вельмі просты: знаходзячыся ў польскім культурным полі, наведваючы касцёл і польскую школу, чалавек лічыў сябе палякам. Трэба таксама памятаць, што нашыя рэспандэнты, гэта ў пераважнай большасці людзі 30-х, радзей канца 20-х гадоў нараджэння. Гэта значыць, што нарадзіліся яны ўжо пры Польшчы. Таму канфесійны фактар становіцца вызначальным у фармаванні падобнага меркавання. У сваю чаргу праваслаўныя кажуць, што тут (у Заходняй Беларусі) палякаў не было, палякі там, дзе Варшава, а тут усе беларусы.

Зараз мы добра ведаем усю перадгісторыю таго вайсковага пахода Чырвонай арміі, ведаем прычыны. А тады людзям казалі зусім іншае: «Пайміце правільна: ад панскага іга нас асвабаждалі, каб паны нас не угнаталі моцна». На пытанне ж аб тым, ці было тое іга, адказ такі: «як былі ... асвабаждаць ад панскага іга – у нас было хлеб і... быў хлеб, давольна было крэпкі хлеб, а тады не стала хлеба, усе шукалі кавалка хлеба». Усяк было» (Рамейка Мар’ян Вікенцьевіч) Як трапна заўважала Іна Сянкевіч, удзельніца экспедыцыі на Міншчыну, «асвабадзілі ад хлеба, атрымліваецца».

Калі коратка, то для большасці жыхароў Заходняй Беларусі тыя падзеі выглядалі наступным чынам: «Польша была уласць другая, а граніца была, граніца тутака, і пашлі оні всё. Граніцу перайшлі нашыя, счытайце нашы пайшлі войною осовободзіць. но оні большая часць былі недовольныя, шо нашыя освободзілі. Оні кажуць: «От большэвікі да у лапцях да такія ну Іваны». Большэнство такія» (Кулакевіч Адам Міронавіч).

Атрымліваецца, што сведкамі тыя падзеі не ацэньваюцца адназначна. Па-рознаму ацэньваюцца яны і ў розных гістарыяграфіях: савецкай, беларускай, польскай. Ясна, што важнасць тых падзей выходзіць па-за межы гісторыі Беларусі ды Польшчы, і набывае інтэрнацыянальны характар. 

Нам, жыхарам сучаснай Беларусі, важна зразумець, што для нас саміх значылі тыя падзеі. Каманда БАВГ з вялікай цікавасцю прачытала эсэ беларускіх школьнікаў, якія самастойна спрабавалі высветліць гісторыяю аб’яднання Беларусі пры дапамозе вуснай гісторыі ў межах конкурса «1939 год у памяці жыхароў Беларусі». А каб падвесьці вынік трохгадовым даследаванням Беларускі архіў вуснай гісторыі ладзіць навуковую канферэнцыю, дзе разам з польскімі калегамі будзе абмеркавана вялікае кола тэмаў, звязаных з восенню 1939 года.

Яшчэ больш цікавых успамінаў вы можаце знайсці ў рубрыцы «1939 год», а таксама ў калекцыях Міншчына, 2013 і Палессе, 2012.

Каментары да навіны: