Бабруйск габрэйскі (фотасправаздача)

2014-09-20

Бабруйск, па маім уражанням вельмі адрозніваецца ад іншых гарадоў Беларусі, гэта адчулася амаль адразу, у першы ж дзень. Уразіла ў першую чаргу колькасць насельніцтва – больш за 200 тысяч (гэты горад на 7 месцы па гэтаму паказніку пасля раённых цэнтраў), колькасць крамаў, сэрвісаў, кавярняў, гістарычных месцаў. 

Калі казаць пра гісторыю, то яна непарыўна з 16 стагоддзя звязаная з габрэямі. У некаторых гарадах колькасць габрэйскага насельніцтва перавышала 70%. Менавіта гэтае месца сталася месцам нараджэння вядомых на ўвесь свет мастакоў, пісьменнікаў. 

Гэта добрая частка гісторыі Бабруйска, ёсць і цёмная... Больш за 40 тысяч габрэяў жылі ў Бабруйску і яго ваколіцах перад вайной. На вялікі жаль, толькі маленькай частцы ўдалося выратавацца праз своечасовую эвакуацыю. Большасць загінула ад рук нацыстаў.

Менавіта з тымі, хто выжыў, таксама іх нашчадкамі, удалося паразмаўляць і нам. Сабраць драбніцы інфармацыі, атрымаць адказы на пытанні, якім быў Бабруйск да вайны, якіх традыцыяў трымаліся мясцовыя габрэі, як змянілася сітуацыя пасля вайны. Усяго было сабрана 63 успаміны, большасць у асоб габрэйскай нацыянальнасці.

Для таго, каб мець поўнае ўражанне ад Бабруйска мы прайшліся мясцовымі вулачкамі з захаванай габрэйскай забудовай, пабачылі частку будынкаў, што былі калісьці сінагогамі, наведалі мясцовую дзейсную сінагогу і габрэйскі абшчынны дом, дзе размясцілася наша база падчас экспедыцыі. 

Напрыканцы вялікую падзяку хачу выказаць спадарыні Маі Якаўлеўне Казакевіч за спрыянне ў правядзенні экспедыцыі.

Павел Сітнік, фота Юлі Ваўчок.

Каментары да навіны: