Новая кніга Анатоля Трафімчыка: «1939 год і Беларусь: забытая вайна»

2014-09-22

У гэтым годзе 1 верасня ўвесь свет адзначыў важны, але сумны юбілей – 75-годдзе пачатку Другой сусветнай вайны. У сваёй новай кнізе гісторык Анатоль Трафімчык распавядае, пра месца Беларусі ў гэтай вайне. Галоўная думка кнігі – Другая сусветная вайна для Беларусі распачалася 1 верасня 1939 г., а не стала непрыемнай нечаканасцю толькі 22 чэрвеня 1941 г.

Справа не абмежавалася толькі аб’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР. Дый аб’яднання 17 верасня 1939 г. як тагога не было: юрыдычна працэс ішоў два месяцы, а на практыцы захоўвалася старая мяжа і людзі не маглі свабодна яе перайсці. Больш за тое, доля Заходняй Беларусі была вырашана не 17 верасня 1939 г., а толькі напрыканцы вайны, на працягу якой была страчана Віленшчына і Беласточчына. Былі і іншыя варыянты перанясення межаў.

Анатоль Трафімчык на шырокім дакументальным матэрыяле асвятляе сутнасць аб’яднання Беларусі і палітыкі новай савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах. У кнізе па-новаму трактуюцца даўно вядомыя факты, прыцягваюцца новыя крыніцы. Шырока асвятляюцца міжнародны фон і перадумовы падзей 1939 года.

Адметная рыса кнігі – беларусацэнтрычная аргументацыя аўтара. Ён трапна аналізуе і пераасэнсоўвае погляды і ацэнкі суседзяў, вымалёўваючы ўласнае стаўленне да праблемы. Беларуская мова, якой выдзяляецца стыль пісьма Анатоля Трафімчыка, стварае прыемную атмасферу чытання. Вы атрымаеце сапраўдную асалоду ад знаёмства з арыгінальнымі разважаннямі аўтара.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца падчас Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі»  27 верасня 2014 года а 16.30 па адрасе: г. Мінск, вул. Фабрыцыюcа, 4. Бізнэс-клуб «Imaguru».

Каментары да навіны: