Савецкая ваенная прапаганда на кінаэкране (1939-1946)

2014-11-08

12-13 сакавіка 2015 г. даследніцкая праграма CINESOV інстытута Framespa універсітэта Тулуза ІІ (Université de Toulouse-Le Mirail) і Тулузскай Сінематыкі (Cinémathèque de Toulouse) арганізуе канферэнцыю, прысвечаную ваеннай прапагандзе ў савецкім кіно ў 1939-1946 гг. Мерапрыемства будзе праводзіцца ў рамках кінафестывалю "Zoom arrière", які адбудзецца ў Тулузскай Сінематыцы 6-14 сакавіка 2015 г.

Галоўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца садзейнічанне папаўненню і паглыбленню ведаў пра савецкае "мастацтва прапаганды". Гэты тэрмін прапануецца разглядаць у больш шырокім полі, чым проста палітычная агітацыя, і пашыраць яго таксама на праблемы адукацыі і распаўсюджання сярод цывільнага насельніцтва ведаў аб сацыяльнай гігіене, першай медыцынскай дапамозе і тэхнічным прагрэсе. З іншага боку, мэта – выявіць спецыфіку ваеннай прапаганды, якая скіроўвала выкарыстанне ўсіх існуючых сродкаў камунікацыі на дасягненне сваёй выключнай цэлі. Такім чынам, вывучэнне савецкага кіно палягае на вялікай колькасці даследаванняў, датычных праблематыкі ваеннай мабілізацыі ў кінаіндустрыі анты-нацыскай кааліцыі, гэтаксама як і ў кінематаграфіі іх праціўніка.

Праект напраўлены на ўвесь спектр кінапрадукцыі і арыентаваны найперш на вывучэнне мэтавай публікі і мабілізацыйных задач, чым на разгляд фільмаў, дэманструючых выключна постаць Сталіна ці грандыёзныя гістарычныя эпохі. Камунікацыйны падыход вітаецца, калі ён скіраваны адначасова на розныя жанры і стылі (мультыплікацыя, дакументалістыка, мастацкія і адукацыйныя фільмы) і звязвае іх між сабой па мажлівасці. Важным з'яўляецца адлюстраваць кінематограф у кантэксце прапагандысцкіх медыа. У Савецкім Саюзе кіно традыцыйна займала цэнтральнае месца ў агітацыі. Таму фільмы ваеннага часу мусяць быць параўнаныя з друкам, радыё, фотарэпартажамі, плакатамі, тэатральнымі і літаратурнымі  творамі.

Важным аспектам, які можа непасрэдна датычыцца даследчыкаў з Беларусі, будзе тэматыка прапаганды, скіраванай да нацыяў акупаваных/далучаных да СССР падчас доследнага перыяду. Арганізатарамі канферэнцыі прапануецца пераасэнсаваць прапаганду ў дачыненні да народаў акупаваных у 1939-40 гг. і вызваленых паміж 1941 і 1944 гг. тэрыторыяў, гэтаксама як і прапагандысцкія ініцыятывы савецкіх уладаў для замежнай аўдыторыі. Наратыў змяняўся ў залежнасці ад гістарычнага моманту і ад канкрэтнай мэтавай публікі. Вось чаму падчас канферэнцыі прапануецца ахапіць як праблемы мабілізацыі перыяду ІІ Сусветнай вайны, такі і пасляваенныя чаканні і надзеі, а таксама змены надышоўшыя з пачаткам Халоднай вайны. Адначасова гэта будзе спроба вызначыць месца ў прапагандзе, скіраванай як для ўнутранага карыстання, так і для знешняй аўдыторыі, такіх стрыжнявых тэмаў савецкай агітацыі як роўнасць усіх грамадзян Савецкай імперыі, роля СССР у найноўшай еўрапейскай гісторыі, дыскурс аб знешнім ворагу і пагрозе ды г.д. Сыходзячы з пастаўленых задач канферэнцыі, арганізатарамі будуць вітацца даследаванні, заснаваныя на кампаратывісцкім падыходзе, зрэшты, як і працы, прысвечаныя вывучэнню савецкага прыкладу ў шырокім міжнародным кантэксце палітычнай камунікацыі і прапаганды.

Працоўныя мовы канферэнцыі ангельская і французская.

Тэзісы і заяўкі прымаюцца да 30 лістапада 2014 г. на эл. скрыню irina.tcherneva@ehess.fr

Арганізатары канферэнцыі пакрыюць выдаткі на пражыванне і сілкаванне выступоўцаў і, па магчымасці, возьмуць на сябе транспартныя кошты. Дапамога ў аплаце выдаткаў на транспарт будзе прадстаўлена ў першую чаргу аспірантам/дактарантам і маладым навукоўцам, не маючым інстытуцыянальнага замацавання.

Падрабязнасці чытайце тут: Call for Papers: Soviet War Propaganda on the Movie Screen, 1939–46

 

Каментары да навіны: