Калекцыя "Палессе, 2012" (+відэа)

2014-11-16

Спяшаемся паведаміць, што цалкам завершаная архіўная апрацоўка матэрыялаў экспедыцыі "Палессе, 2012". Нагадаем, што гэта была першая наша навуковая выправа з серыі палявых даследаванняў, прасвечаных тэме "1939 г. у вусных успамінах жыхароў Беларусі" . Экспедыцыя працавала на тэрыторыі Лунінецкага і Столінскага раёнаў Брэсцкай вобл. і Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. з 31 ліпеня па 7 жніўня 2012 г..

Сабраная на паўднёвай частцы колішняй Рыжскай мяжы калекцыя успамінаў з'яўляецца надзвычайна багатай ды насычанай і будзе цікавай як для прафесійных навукоўцаў, так і аматараў айчыннай гісторыі.

Цяпер, пасля таго як нашыя архівісты скончылі апрацоўку дадзенай архіўнай калекцыі, відэазапісы інтэрв'ю забяспечаныя поўным аналітычным апаратам, які дазволіць даследчыкам зручным чынам (ажыццяўляючы пошук па тэматычным, імянным, геаграфічным, храналагічным індэксам) праводзіць выяўленне і вывучэнне доследных тэм і сюжэтаў.

Калекцыя "Палессе, 2012" даступна ў архіўным фондзе Беларускага архіву вуснай гісторыі .

Для азнаямлення з дадзенай калекцыяй нашага архіўнага фонду прапануем усім зацікаўленым паглядзець фрагменты з вялікага і змястоўнага інтэрв'ю з Дзядкоўскім Іванам Рыгоравічам , старажылам памежнай палескай вёскі. У прадстаўленым урыўку адлюстроўваецца  штодзённасць польска-савецкай мяжы на яе ўсходнім баку ў канцы 30-х гадоў. Драматычныя і нават трагічныя аспекты неспакойнага жыцця памежнай зоны тут пераплятаюцца з даволі прыемнымі надзённымі клопатамі суседства палескай вёскі з пагранічнай заставай. Ёсць у ўспамінах рэспандэнта, які хлопчыкам мог назіраць за жыццём пагранзаставы і яе насельнікамі, і вобраз пагранічніка – нястомнага пільнага стража непарушнай мяжы савецкай дзяржавы. Таксама тут можна пачуць і своеасаблівы погляд "усходніка" на іншы, польскі, бок мяжы.

 

У гэтых надзвычайна цікавых ўспамінах ёсць сведчанні, якія мала вядомыя шараговаму абывацелю, пра тое, што старая мяжа і пагранічнае становішча працягвалі сваё існаванне і пасля аб'яднання 1939 года. Гэтаксама шырокай аўдыторыі наўрад ці вядома, што савецкія пагранічнікі ў канцы чэрвені 1941 г. прынялі няроўны бой не толькі на заставах над Бугам, але і на рацэ Случ - былой польска-савецкай мяжы.

 

Каментары да навіны: