Прагляд і абмеркаванне фільма “Восень 1939: на мяжы памяці”

2015-01-20

Запрашаем на прагляд і абмеркаванне фільма Ягора Сурскага “Восень 1939: на мяжы памяці”, які звяртае нас да праблемаў гісторыі і самаразумення сябе ў культурных і гістарычных абставінах. 

Фільм з'яўляецца праектам Беларускага архіва вуснай гісторыі і адлюстроўвае даследаванне праблематыкі існавання былой усходняй мяжы Польшчы (1921-1939) на тэрыторыі Беларусі. Група гісторыкаў, якія выкарыстоўваюць метады вуснай гісторыі падчас экспедыцыі ўздоўж паўночнай часткі мяжы, высветляюць асаблівасці самаідэнтыфікацыі жыхароў Заходняй Беларусі, іх погляд на гістарычныя падзеі, сучасныя рэфлексіі стану жыцця беларусаў, агульныя пытанні сэнсу жыцця простых людзей. Ажыццяўляецца спроба выявіць код так званых "заходнікаў" - жыхароў Заходняй Беларусі, якія добра памятаюць жыццё за польскім часам. 

Мы прапануем разам паглядзець фільм і абмеркаваць праблемы суадносінаў чалавека і гісторыі, чалавека і памежжа, чалавека і геапалітычных, сацыяльных зменаў, а таксама праблем засваення сваёй гісторыі і самаразумення культуры.

Прагляд адбудзецца 23 студзеня, пачатак 18.30.

Месца правядзення: вул. Баграціёна, 39 (Падворак)

Арганізатар прагляду: Лятучы універсітэт

Працягласць кіно – 63 хвіліны. Пасля прагляду прапануецца дыскусія ў вольнай форме.

Запрашаюцца ўсе, каму цікавыя гэтыя тэмы і праблемы, а таксама метады іх даследавання і разумення. Трэйлер фільма: 

 

Каментары да навіны: