Экспедыцыя "Палессе 2015": першыя падсумаванні

2015-07-17

Наша экспедыцыя працягвае свае актыўныя вусна гістарычныя пошукі на Палессі. Каманда даследчыкаў пераважна працуе ў Пінскім раёне і суседніх вёсках Іванаўскага і Столінскага раёнаў.

Нашы інтэрв'юеры наведваюць як вялікія палескія сёлы, якія раскінуліся па раўнінах і ўзгорках Загароддзя, так і невялічкія вёсачкі, што да меліярацыі знаходзіліся ў атачэнні непраходных пінскіх балот.

Палессе добра захоўвае памяць аб сваёй гісторыі, але суворыя палешукі з асцярогай дзеляцца ўспамінамі аб сваім мінулым, асабліва, калі гэта датычыцца такіх складаных і балючых тэмаў як калектывізацыя. Але скарбніца запісаў інтэрв'ю экспедыцыі паступова папаўняецца. Штодня перад удзельнікамі нашай палявой выправы паўстаюць усё новыя праблемы і нечаканыя сюжэты, датычныя тэмы калектывізацыі і калгаснага жыцця.

Таму можна казаць ужо, што ў даследчыкаў будзе дастаткова цікавага матэрыялу, каб паспрабаваць ахарактарызаваць калектывізацыю і ацаніць яе значэнне і вынікі з пункту гледзішча пэўнага “чалавечага вымярэння” гісторыі.

Зараз жа, на падставе папярэдніх уражанняў ад пачутага, можна сказаць, што калектывізацыя была непамерным цяжарам, які клаўся на плечы беларускіх сялян, мусіўшых сваімі ўласнымі рукамі аднавіць і падняць на належны ўзровень не толькі парушаную вайной сельскую гаспадарку рэспублікі, а таксама забяспечыць харчаваннем усю краіну, ператварыўшыся ў заплечча пасляваенных індустрыялізацыі і ўрбанізацыі.

Таму паўсюль мы чуем прыблізна аднолькавае апісанне жыцця і працы сялян у калгасах у  паваенны час:

"Мы горовалы"/ "мы бідовалы"/ "мы страшно працювалы"

Хоць прыкладаў гвалтоўнага прымусу да ўступлення ў калгас, бадай што, не назіраецца. Але так званае "добраахвотнае" ўваходжанне сялян у калгас у канцы 40-х гг., магло тлумачыцца памяццю насельніцтва аб зусім блізкіх падзеях 1939 года і страхам перад іх паўтарэннем. Так, напрыклад, як гэта было ў в. Моталь, дзе радасць ад сустрэчы савецкіх вызваліцеляў ад польскага гнёту працягвалася акурат да пачатку першых масавых высылак кулакоў і рэпрэсій супраць тых, хто быў на дзяржаўных польскіх пасадах. Таму часам такое "добраахвотніцтва", было адзінай магчымасцю ўратавацца ад "сустрэчы з белымі мядзведзямі" – так іранічна палешукі называлі высылкі і дэпартацыі, якія чыніліся савецкімі ўладамі. Такую стратэгію, як мы даведаліся, абралі "кулакі" в. Парэчча, якія запісваліся ў калгас самымі першымі з сяла, фактычна, стаўшы заснавальнікамі "кулацкага калгаса".

Расказы сведкаў малююць таксама цікавую карціну паўсядзённага жыцця калгасаў, раскрываюць пэўныя стратэгіі выжывання калгаснікаў, асаблівасці арганізацыі калектыўнай працы, дазваляюць убачыць пэўную канкурэнцыю між калгаснікамі і своеасаблівую калгасную іерархію і г. д.

Экспедыцыя працягвае сваю працу...

 

Каментары да навіны: