БАВГ на тэлебачанні

2015-08-02

Прапануем вашай увазе тэлевізійныя дакументальныя фільмы, у падрыхтоўцы якіх выкарыстоўваліся, у тым ліку і матэрыялы, сабраныя і апрацаваныя Беларускім архівам вуснай гісторыі.

Фільм "Зона загароджвання. Ля небяспечнай мяжы" праекта "Адваротны адлік" на канале АНТ.

Дакументальная стужка аб малавядомым факце таго, што пасля ўз'яднання, у 1939 годзе, савецка-польская мяжа працягвала існаваць. Загад пакінуць свае пасты памежнікі так і не атрымалі. Яны працягвалі ахоўваць участак былой дзяржаўнай мяжы па лініі Радашковічы – Заслаўль – Негарэлае – Чырвоная Слабада, агульнай працягласцю 260 км. Цяпер гэта мяжа адлучала Беларусь ад… Беларусі – Заходнюю ад Усходняй. Дзяржаўная мяжа з заставамі, памежнымі вышкамі і пастамі… І такая сітуацыя працягвалася фактычна да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

 

Для падрыхтоўкі гэтага фільма, між іншым, выкарыстоўваліся матэрыялы архіўнага фонду Беларускага архіва вуснай гісторыі. У прыватнасці, у якасці  непасрэднай сведкі падзей, якія разгарнуліся вакол Рыжскай мяжы напярэдадні і адразу пасля 17 верасня 1939 года,  выступіла Алена Новік – адна з рэспандэнтак нашага архіва. Інтэрв'ю са спадарыняй Аленай было запісана БАВГ у мястэчку Любча ў 2011 годзе падчас чарговай экспедыцыі архіва. Цалкам відэазапіс размовы з Аленай Паўлаўнай можна паглядзець у калекцыі Наваградчына і Карэліччына, 2011.

Успаміны Алены Новік, а таксама іншых нашых суразмоўцаў, запісаныя падчас даследчага праекта "1939 год у вусных успамінах жыхароў Беларусі" можна ўбачыць і ў фільме Ягора Сурскага “Восень 1939: на мяжы памяці”.  Дадзеная дакументальная кінастужка была знятая ў рамках узгаданага ўжо даследчага праекта БАВГ, прысвечанага 1939 году і міжваеннай Рыжскай мяжы.

Тэлевізійная версія гэтага фільма была паказана на тэлеканале Белсат пад назвай "Заходнікі". У гэтым варыянце кінастужкі яе галоўнымі героямі выступілі менавіта "заходнікі" – так беларускае насельніцтва з усходняга боку Рыжскай мяжы называла сваіх сапляменнікаў, якія жылі на захадзе - у складзе міжваеннай Польшчы.

 

Каментары да навіны: