«Гісторыя гандлю ў Беларусі: майстэрства прадпрымальніцтва на спажывецкім рынку»

2015-08-22

Цэнтр вывучэння гісторыі гандлю інстытута рознічных тэхналогій «Менка»

запрашае да ўдзелу ў Другой міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі

ГІСТОРЫЯ ГАНДЛЮ Ў БЕЛАРУСІ: МАЙСТЭРСТВА ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА НА СПАЖЫВЕЦКІМ РЫНКУ

Канферэнцыя пройдзе 21-22 лістапада 2015 г. ў г. Мінску

 

Запланаванае праблемнае поле канферэнцыі:

1. Крыніцы, гістарыяграфія і метадалогія вывучэння гісторыі гандлю.

2. Прававыя  і  фінансавыя  ўмовы  гандлёвай  дзейнасці  на  спажывецкім рынку (заканадаўчае рэгуляванне рознічнага гандлю; віды дакументаў на права гандлёвай дзейнасці; абарона правоў і маёмасці гандляроў; наяўнасць дыскрымінацыі гандляроў; забяспечанасць гандляроў абаротнымі капіталамі і даступным крэдытам).

3. Аналіз відаў гандлёвай дзейнасці: па форме ўласнасці (прыватная, дзяржаўная, у тым ліку вайсковая, царкоўная, кааператыўная, калгасная); па месцах і формах вядзення (кірмашовая, на гарадскіх рынках, у лаўках, у тым ліку шапікавая, разносная і  развозная, магазінная і  інш.); па  групах  тавараў (сродкі вытворчасці, прадукты харчавання, адзенне, лекі, нерухомасць, прадметы побыту, спартовыя тавары, сфера паслуг і інш.).

4. Працэсы  канцэнтрацыі  гандлёвых  капіталаў  і  ўзбуйнення  гандлёвых устаноў (развіццё ад гандлёвай лаўкі да супермаркетаў і сеткавага гандлю).

5. Партрэты гандляроў (колькасць гандляроў і яе дынаміка; характарыстыка гандляроў па велічыні прыбыткаў: буйныя, сярэднія, дробныя; па іншых прыкметах: пол, веравызнанне, саслоўная,   этнічная або  нацыянальная прыналежнасць, адукаванасць, прафесіяналізм; ментальнасць; аб’яднанні гандляроў, іх грамадская і дабрачынная дзейнасць; прадаўцы ўласнай прадукцыі: сяляне, памешчыкі, фермеры, рамеснікі, фабрыканты і інш.; прадаўцы па сумяшчальніцтву; гандлёвыя служачыя; побыт гандляроў; вобраз гандляра ў фальклоры; дзеячы “чорнага рынку”).

6. Праблемы ў забеспячэнні таварамі спажыўцоў (узаемаадносіны гандляроў і вытворцаў; праблемы дастаўкі тавараў на рэгіянальныя і лакальныя рынкі, захоўванне тавараў; кантрабанда; перакупка).

7. Прыёмы  і  тэхналогіі  гандлю  (развіццё  плацёжнай  сістэмы,  выпрацоўка стандартаў мераў і вагаў; рэжым працы гандлёвых устаноў; рэклама; спосабы павялічэння гандлёвых абаротаў і даходаў; тэхнічнае абсталяванне; злоўжыванні гандляроў; нелегальны гандаль; актуальнасць традыцыйных тэхналогій гандлю для сучаснасці).

8. Культура ўзаемаадносін паміж гандлярамі і паміж прадаўцамі і спажыўцамі (канкурэнцыя і манаполія, этыка і мараль у гандлёвай дзейнасці, нормы паводзін, канфлікты, парушэнні і г.д.).

9. Асаблівасці гандлёвай дзейнасці на беларускім рынку спажывання: параўнаўчы аналіз з іншымі рэгіёнамі.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору дакладаў для  выступлення і публікацыі.

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі і тэзісы выступленняў (памерам да 1,5 тыс. др. знакаў) прымаюцца да 17 кастрычніка 2015 г. на адрас электроннай пошты: history@menka.by

У заяўцы паведамляюцца: імя, імя па бацьку і прозвішча дакладчыка, навуковая ступень і  вучонае званне, назва даклада, месца працы і пасада, кантактны нумар тэлефона, адрас электроннай пошты, неабходнасць выкарыстання мультымедыйных сродкаў.

Замежных і іншагародніх удзельнікаў просім паведаміць пра неабходнасць браніравання месца ў гатэлі. Замежных удзельнікаў просім паведаміць пра неабходнасць візавай падтрымкі. Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, польская, англійская.

Пацвярджэнне аб удзеле ў канферэнцыі будзе даслана да 31 кастрычніка 2015 г.

Пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў аплачваюцца арганізатарамі канферэнцыі.

Прадугледжана магчымасць кампенсацыі выдаткаў на праезд.

Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя ў зборніку навуковых артыкулаў.

 

Кантакты:

Бягун Рацібор Аляксандравіч,

Цэнтр вывучэння гісторыі гандлю кампаніі “Менка”.

Тэл.: +375 17 321 24 80; +375 29 873 98 19; +375 25 617 14 42.

Электронная пошта: history@menka.by

Сайт: http://history.menka.by/

Каментары да навіны: