"Вандроўка па памяці" адбылася ў Мінску

2015-08-31

28-30 жніўня ў Мінску БАВГ сумесна з музеем “Дом Анны Франк” праводзіў трэнінг для моладзі "Шпацыр па памяці".

Мэтай гэтай незвычайнай трохдзённай вандроўкі-трэнінгу было стварэнне кароткіх відэаролікаў аб помніках і памятных мясцінах у Мінску, прысвечаных Другой Сусветнай вайне.

Каб прыступіць уласна да стварэння відэа ўдзельнікам трэнінгу - групе актыўнай таленавітай моладзі - трэба было прайсці сур'ёзны падрыхтоўчы этап. Па-першае, даведацца наогул аб помніках, якія існуюць у Мінску па вызначанай тэме, вывучыць гісторыю іх заснавання і высветліць, памяць аб якіх падзеях і асобах яны захоўваюць. У выніку гэтага гістарычнага мінідаследавання нашы ўдзельнікі мусілі выбраць для свайго відэа-праекта тыя помнікі, якія патрабуюць дадатковага асвятлення і значэнне якіх варта было б сёння актуалізаваць.

Па-другое, нашым ўдзельнікам прышлося ў інтэнсіўна вучыцца здымаць відэа, запісваць інтэрв'ю, праводзіць мантаж знятага матэрыялу. І ўсё гэта рабілася ў досыць сціслыя тэрміны. Але, нягледзячы на гэта, удзельнікам удалося ў сяброўскай, добразычлівай атмасферы паспяхова засвоіць курс пачынаючага відэа-карэспандэнта, а нават і рэжысёра, падрыхтаваўшы сцэнар свайго будучага відэакліпа.

Пасля праходжання такога экспрэс-трэнінгу, нашы "вандроўнікі па памяці", разбіўшыся на 2-е групы, прыступілі да непасрэдных здымак у горадзе. Здымаліся самі гістарычныя месцы і помнікі, браліся кароткія інтэрв'ю ў выпадковых людзей на вуліцы, каб даведацца іх меркаванне аб сутнасці і значэнні гэтых помнікаў. Зняты матэрыял лёг у аснову відэаролікаў, мантаж якіх праходзіў у апошні дзень нашага трэнінгу.

Такім чынам, на падставе гістарычных звестак, фотаздымкаў і хронікі часу вайны, запісаў інтэрв'ю з гараджанамі, а таксама свайго бачання і стаўлення да праблемы захавання памяці аб самай крывавай вайне ў нашай гісторыі, удзельнікі "Шпацыру па памяці" стварылі свае кароткія відэа-праекты.

У выніку, было падрыхтавана два відэасюжэты аб цікавых, але амаль незнаёмых шырокай публіцы помніках, прысвечаных найбольш трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Нягледзячы на малавядомасць гэтых помнікаў, яны апроч уласна мемарыяльнага значэння, адлюстроўваюць гістарычныя, палітычныя і ідэалагічныя змены ва ўспрыманні памяці аб вайне, якія пачынаючы з моманту яе заканчэння адбываліся ў нашым грамадстве. Менавіта гэты аспект удзельнікі праекта паспрабавалі падкрэсліць у сваіх відэасюжэтах.

Ужо ў хуткім часе - калі закончыцца фінальная апрацоўка відэа - наведвальнікі нашага архіва першымі змогуць пабачыць гэтыя відэаролікі на нашым сайце. Сачыце за навінамі!      

         

 

Каментары да навіны: