Канферэнцыя «Вусная гісторыя (не)пераадоленага мінулага»

2015-10-14

Прадстаўнікі БАВГ бралі ўдзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі "Вусная гісторыя (не)пераадоленага мінулага: падзея – наратыў – інтэрпрэтацыя", якая праходзіла 8-9 кастрычніка 2015 г. у Адэскім нацыянальным універсітэце імя І. І. Мечнікава

Даклады на канферэнцыі, арганізаванай Украінскай асацыяцыі вуснай гісторыі,  прадставілі супрацоўнікі архіва Таццяна Касатая і Андрэй Мастыка.

У сваім выступленне "«Неабходнасць мяжы» ў біяграфічных наратывах жыхароў вёсак Малы Малешаў і Вялікае Малешава: гістарычны кантэкст"  Таццяна Касатая прадставіла вынікі даследавання двух вёсак, якія знаходзяцца абапал колішняй Рыжскай мяжы. Дадзены параўнаўчы аналіз быў праведзены Таццянай на аснове матэрыялаў экспедыцыі БАВГ, прысвечанай вывучэнню савецка-польскага памежжа 1921-1939 гг. Прыклад Малога і Вялікага Малешава паказвае існаванне пэўнай ментальнай мяжы, якая сфармавалася ў свядомасці мясцовага насельніцтва яшчэ ў міжваенны перыяд, але дагэтуль нябачным чынам падзяляе гэтыя суседнія вёскі, што выяўляецца як на побытавым узроўні, так і на ўзроўні светабачання іх жыхароў.

Андрэй Мастыка у сваім дакладзе распавёў аб стане і перспектывах развіцця вуснай гісторыі ў беларускай гістарыяграфіі, а таксама месцы і ролі БАВГ у развіцці метаду oral history у нашай краіне на сучасным этапе. Асноўнае месца ў прэзентацыі было прысвечана  БАВГ як спробе інстытуалізацыі вуснай гісторыі, вынікам навукова-даследчай працы і адукацыйна-асветніцкіх ініцыятываў архіва, а таксама былі прадстаўленых захады БАВГ па папулярызацыі накірунку сярод беларускай грамадскасці.

Даклады былі ўспрынятыя з вялікай цікаўнасцю. У нашых украінскіх калегаў выявіўся інтарэс да самога праекта БАВГ як сховішча вуснагістарычных крыніц, які на дадзены момант для постсавецкіх краін з'яўляецца досыць унікальным прыкладам паўнавартаснага вуснагістарычнага архіва. Таксам прыцягнулі ўвагу навукоўцаў з Украіны (і на толькі, бо на канферэнцыі прысутнічалі вусныя гісторыкі з Польшчы, Малдовы і Расіі) даследчыя кірункі і тэмы, якія ўздымаюцца і распрацоўваюцца нашым архівам, у прыватнасці, прадстаўленая вышэй Таццянай Касатай тэма, што закранае праблематыку ментальнасці і ідэнтычнасці беларускіх сялян.

Трэба адзначыць, што праблемы і пытанні, якія ўздымаліся і абмяркоўваліся на канферэнцыі з'яўляюцца агульнымі не толькі для беларускай ці ўкраінскай навукі, а будуць блізкімі для даследчыкаў гістарычнай памяці з усёй Усходняй Еўропы. Сярод найважнейшых пытанняў і выклікаў, якія стаяць сёння перад вуснай гісторыяй можна вылучыць: праблему пошуку і ўдасканальвання ўласнага метаду, апрацоўкі і інтэрпрэтацыі вуснагістарычных крыніц, уплыву дзяржаўнай гістарычнай палітыкі і палітычнай ангажаванасці на даследаванні ў галіне гістарычнай памяці і г.д. Таму міжнародныя навуковыя форумы такога кшталту дазваляюць аб'яднаць сумесныя намаганні навукоўцаў як у выкрыцці і асэнсаванні існуючых праблем, так і ў пошуку іх рашэнняў. Так, падчас наступнай канферэнцыі Украінскай асацыяцыі вуснай гісторыі  плануецца надаць больш увагі менавіта метадалагічным аспектам развіцця дадзенай навуковай галіны, праблемам аналізу і інтэрпрэтацыі вуснагістарычных крыніц.

Каментары да навіны: