Конкурс “Фотаальбом памяці”

2015-12-06

У савецкі час было прынята маўчаць пра неабгрунтавана рэпрэсаваных сваякоў. У грамадстве панаваў страх, што ўсё гэта можа паўтарыцца.

Большасць і зараз імкнецца дыстанцыянавацца ад гэтай трагічнай старонкі нашай гісторыі, але практычна ва ўсіх сем’ях ёсць блізкія ці далёкія сваякі, якія зведалі на сабе жорсткасць савецкай рэпрэсіўнай машыны. Хтосьці не меў права паступіць у інстытут, бо быў сынам “ворага народа”, кагосьці раскулачылі, хтосьці быў сасланы ў ГУЛАГ, а хтосьці расстраляны.

Каб захаваць памяць пра неабгрунтавана рэпрэсаваных беларусаў, Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій у Беларусі абвяшчае конкурс фотаальбомаў памяці.

Як паўдзельнічаць?

Пашукайце ў сямейных альбомах старыя фотаздымкі, на якіх адлюстраваныя Вашы рэпрэсаваныя сваякі, жыццё Вашай сям’і да і пасля рэпрэсій, побыт у ГУЛАГу. Магчыма, захаваліся нейкія дакументы рэпрэсаваных сваякоў.

Распытайце сваіх старэйшых, што яны памятаюць пра тыя часы.

Падрыхтуйце фотаальбом памяці, які распавядзе пра Вашых рэпрэсаваных сваякоў, альбо пра тое, як савецкія рэпрэсіі паўплывалі на Вашу сям’ю.

Што сабой уяўляе конкурсная праца?

Конкурсная праца павінна ўяўляць сабой серыю сямейных фотаздымкаў ці дакументаў, якія закранаюць тэму савецкіх рэпрэсій, з кароткім аповедам (да 5000 сімвалаў) пра людзей і падзеі тых часоў. Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца аўтарскія матэрыялы, раней не размешчаныя ў сетцы Інтэрнет.

Фотаальбом у фармаце .doc (.odt)неабходна даслаць да 1 красавіка 2016 года на электронную пошту info@represii.net з пазнакай “Фотаальбом памяці”. У лісце неабходна пазначыць інфармацыю пра ўдзельніка конкурсу: імя і прозвішча, дата нараджэння, кантактны тэлефон, адрэса электроннай пошты.

Сваім удзелам у конкурсе Вы даеце згоду на публікацыю дасланых матэрыялаў на сайце represii.net.

Якія ўзнагароды прадугледжаны?

Лічбавы фотаапарат – пераможца вызначаецца экспертнай групай

Лічбавая фотарамка – пераможца вызначаецца па выніках галасавання на нашых старонках у сацыяльных сетках

Асноўныя тэрміны конкурсу

03.12.2015 ­ 31.03.2016 – прыём конкурсных прац

01.04.2016 – 15.04.2016 – праца экспертнай групы і галасаванне ў сацыяльных сетках.

Дата і месца ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу будзе абвешчаны пазней у нашых групах у сацыяльных сетках

 За актуальнымі навінамі і абвесткамі сачыце на нашых старонках:

facebook.com/represii.net

vk.com/represii

twitter.com/RepresiiNet

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375 (29) 38-346-38 (Уладзімір)

Каментары да навіны: