Імігранты-чакарэра з II Рэчы Паспалітай у Аргентыне і Парагваі

2016-01-03

Прапануем увазе наведвальнікаў нашага архіва надзвычай цікавы зборнік успамінаў беларускіх і ўкраінскіх імігрантаў у Аргентыне і Парагваі, складзены гісторыкам Сяргеем Шабельцавым. На падставе расповедаў перасяленцаў і іх дзяцей, у кнізе раскрываюцца лёсы і перыпетыі жыцця сем’яў выхадцаў з ІІ Рэчы Паспалітай, якія пакінулі радзіму ў пошуках больш шчаснай долі.

Успаміны адлюстроўваюць няпростае жыццё і цяжкую працу славянскіх сялян-чакарэра ва ўмовах некранутай паўднёваамерыканскай сельвы, з яе непраходнымі пушчамі-джунглямі, дзікай жыўнасцю і дакучлівай заеддзю. Не заўжды спагадлівымі былі і ўзаемадачыненні “грынгас” з тутэйшымі аргентынцамі, парагавайцамі ды індзейцамі-тубыльцамі.

Нягледзячы на тэрытарыяльную аддаленасць і новыя сацыяльна-палітычныя варункі, значную ролю ў грамадскім жыцці беларускіх і ўкраінскіх імігрантаў грала савецкая ідэалогія і прапаганда, менавіта ў іх асяроддзі значнай папулярнасцю і падтрымкай карысталася Камуністычнай партыя Аргентыны, сярод гэтай групы перасяленцаў фарміруецца досыць пазітыўны вобраз і адносіны да СССР. У сувязі з гэтым у пасляваенны час, калі ствараюцца належныя ўмовы, назіраецца хваля рээміграцыі на (ужо) Савецкую радзіму. З успамінаў былых імігрантаў можна даведацца і пра далейшыя лёсы тых, хто павярнуўся на Бацькаўшчыну.

Такім чынам, зборнік складаецца з успамінаў украінцаў і беларусаў, якія ў мінулым жылі ў сельскай мясцовасці Аргентыны і Парагвая. Пэўная частка аповедаў запісвалася аўтарам-укладальнікам у Мінску, сярод рээмігрантаў, астатнія запісаныя ў Буэнас-Айрэсе і аднайменнай правінцыі ў ліпені-жніўні 2010 г. падчас сустрэч з беларусамі і ўкраінцамі, якія дагэтуль пражываюць там. Інтэрв'ю праходзілі ў форме вольнай размовы, падчас якой імігранты распавядалі пра сябе і пра лёс сваіх бацькоў. Пры гэтым ім задаваліся пытанні, якія былі засяроджаныя на этнічнай ідэнтыфікацыі, рэлігійнай прыналежнасці, характары грамадскай дзейнасці імігрантаў. Гутарка запісвалася на магнітафон, а затым складаўся тэкст, які перадаваўся аўтару аповеду для наступнай праверкі і ўдакладнення. Тэксты ўспамінаў апублікаваны на рускай мове, некалькі з іх былі перакладзены з іспанскай мовы (на якой вялося інтэрв’ю), таксама прысутны адзін аповед па-беларуску. 

Кніга выходзіла зусім невялікім накладам у 2011 годзе, цяпер, з ласкі аўтара зборніка, тэкст выдання даступны і на нашым сайце.

Кнігу можна чытаць тут: Иммигранты-чакареро из II Речи Посполитой в Аргентине и Парагвае

Каментары да навіны: