Гербы і пячаткі Менску

2016-02-11

МГА “Гісторыка” запрашае на публічную лекцыю-дыскусію “Гербы і пячаткі Менску”, якая пройдзе ў межах чарговага паседжання Клуба гісторыі Мінска.

Што такое пячатка і герб горада? Калі ўзнікае патрэба ў іх? Калі наш Мінск атрымаў гэтыя сімвалы і якая прырода іхняга ўзнікнення?

На гэтыя пытанні нам будзе адказваць – легенда беларускай геральдыкі – Анатоль Цітоў.

Як сведчаць старадаўнія дакументы ў 1591 годзе Мінск афіцыйна атрымаў герб. Гэтая дата – прадмет гонару мінчан. Па законе геральдыкі лічыцца: “Чым больш старажытны герб, тым болей павагі да яго ўладальніка”. Гарадскі герб адлюстроўваўся, перш-наперш, на пячатцы органа гарадскога самакіравання – магістрата, гарадскіх харугвах і не толькі. Стварэнне органаў самакіравання ў горадзе абумоўлівалася прывілеям на магдэбургскія правы.

Як вядома, права на самакіраванне мінчукі атрымалі 14 сакавіка 1499 г., але паўнавартасны герб фіксуецца на гарадскіх пячатках толькі з 1591 г. Ад гэтага часу на іх з'яўляецца выява «панны Марыі» і напячатаны надпіс – “sigillum civitatis minscunsis” – што азначае, “пячатка горада Мінска”.

На працягу стагоддзяў мяняліся пячаткі, адбываліся змены ў стылістыцы выяваў на іх, але асноўны сюжэт заставаўся нязменны. Гэта і з’яўляецца абавязковай умовай існавання і функцыянавання герба наогул (і не толькі гарадскога).

Падчас сустрэчы асобным пытаннем будзе разглядацца сучаснае выкарыстанне герба Менску ў віртуальнай і гарадской візуальных прасторах.

Паседжанне Клуба Гісторыі Менска адбудзецца 18 лютага ў 19.00

Месца правядзення: Галерэя TUT.BY, пр-т Дзяржынскага, 57.

Каментары да навіны: