Адбылася прэзентацыя інтэрнэт-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі” ў Гомелі

2013-03-27

26 сакавіка ўпершыню адбылася прэзентацыя дзейнасці інтэрнет-праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі” у адным з абласных цэнтраў Беларусі – горадзе Гомелі. У філіяле Веткаўскага музея сабраліся зацікаўленыя ў галіне вуснай гісторыі студэнты, выкладчыкі, даследчыкі гісторыі і мастацтва,  працаўнікі музея.

Асноўная задача прэзентацыі заключалася не толькі ў тым каб распавесці аб актуальных магчымасцях інтэрнет-партала для даследчыкаў,  што зрабіла кіраўніца архіва, гісторык, архівіст Вольга Іванова. Але і  ў тым, каб абмеркаваць  магчымасці выкарыстання метадаў вуснай гісторыі для даследавання такой малавывучанай тэмы як "Голад у БССР у 1946-47 гг." у прыватнасці на Гомельшчыне. Менавіта яе прадставілі даследчык, гісторык, архівіст Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Анатоль Вялікі і кардынатар праекта, гісторык Ірына Кашталян.

Адбылася таксама дастаткова вострая дыскусія па пытаннях спецыфікі вуснагістарычных даследаванняў, магчымасцяў распрацоўкі асобных тэм па гісторыі ХХ ст., суадносінаў пісьмовых архіўных крыніц і вусных успамінаў, перспектыў развіцця праекта. Прысутныя былі запрошаныя да удзелу ў экспедыцыі каманды БАВГ на Гомельшчыну ў траўні 2013, а таксама іншых мерапрыемствах, што арганізуюцца ў межах праекта.

 

Каментары да навіны: