Канферэнцыя "Ці здабываем мы ўрокі з гісторыі? Культура памяці як шлях да еўрапейскага паразумення"

2016-06-12

Міжнародны адукацыйны цэнтр у Дортмундзе запрашае маладых гісторыкаў, прадстаўнікоў сферы гістарычнай адукацыі, культуры памяці і журналістаў з Беларусі да ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі "Ці здабываем мы ўрокі з гісторыі? Культура памяці як шлях да еўрапейскага паразумення", якая адбудзецца ў Варшаве з 27-га па 30 кастрычніка 2016 года.

Гэтай канферэнцыяй Міжнародны адукацыйны цэнтр у Дортмундзе (IBB Dortmund) імкнецца даць магчымасць гісторыкам, прадстаўнікам сферы гістарычнай адукацыі і асветы, праектаў і ініцыятыў, звязаных з мінулым, а таксама журналістам з Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі і Ўкраіны - па 20 чалавек ад кожнай краіны – звярнуць ўважлівы погляд на XX стагоддзе (Другая сусветная вайна, Халакост, сталінізм) і яго гістарычнае асэнсаванне.

Што мы ў Беларусі ведаем пра тое, як развівалася культура памяці ў Польшчы, Германіі, а таксама ў Расіі і Ўкраіне ў постсавецкі час? Якое грамадскае значэнне мае гістарычная памяць сёння ў гэтых краінах, якія ёсць традыцыі і новыя формы працы ў сферы памяці? Канферэнцыя дазволіць лепш зразумець, якія непераасэнсаваныя гістарычныя канфлікты абцяжарваюць адносіны паміж гэтымі краінамі дагэтуль.

З дакладаў прызнаных у гэтай галіне экспертаў удзельнікі канферэнцыі атрымаюць інфармацыю пра мнагастайнасць культуры памяці, розныя пункты гледжання і канкуруючыя "памяці", пра белыя плямы гістарыяграфіі ў Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі і Ўкраіне. На гэтыя тэмы будуць таксама прадстаўлены з кожнай краіны гістарычныя праекты, ініцыятывы, прыклады практычнай працы ў сферы памяці, якія ці скіраваныя супраць выцяснення і забыцця гістарычных падзей і катастроф ва ўласнай краіне, ці на міжнародным узроўні садзейнічаюць працэсу еўрапейскай культуры памяці і паразуменні.

Варшава - не толькі месца правядзення канферэнцыі. Польская сталіца - цэнтральнае еўрапейскае месца памяці. І яна дазваляе пашырыць уласныя веды: у паралельных экскурсійных групах мы прасочым гісторыю Варшаўскага паўстання 1944 гады, а таксама месцаў нацыянальнай культуры памяці (Музея Варшаўскага паўстання, Музея гісторыі польскіх габрэяў, іншых помнікаў і г. д.), якія паўсталі пасля 1989-га года. Катастрофа Халакосту стане больш адчувальнай пасля наведвання лагера смерці Трэблінка, месца трагедыі якое часам забываецца ў Германіі, дзе мы збіраемся правесці ўласную цырымонію памяці ахвяраў.

На заключнай дыскусіі мы абмяркуем, як тыя, хто працуе ў сферы культуры памяці, могуць, пераадольваючы моўныя і дзяржаўныя межы, наладжваць стасункі паміж сабой у будучым, супрацоўнічаць і аб'ядноўвацца, якія формы абмену інфармацыяй і досведам могуць дапамагчы пры гэтым і ў якіх сумесных праектах прадстаўнікі Ўсходу і Захаду могуць працаваць далей над агульным бачаннем еўрапейскай культуры памяці і паразуменнем. 

IBB Dortmund і яго партнёры запрашаюць маладых гісторыкаў і журналістаў з Беларусі, якія прафесійна займаюцца гістарычнай адукацыяй, гісторыяй і культурай памяці, абмеркаваць гэтыя пытанні разам з калегамі з Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

Тэрміны канферэнцыі: 27 - 30 кастрычніка 2016 года

Удзельнікі: Ад кожнай краіны па 20 гісторыкаў, журналістаў, прадстаўнікоў сферы гістарычнай адукацыі і асветы, культуры памяці (з досведам працы*) да 40 гадоў.

* Студэнты, на жаль, не могуць прыняць удзел у канферэнцыі. Удзел аспірантаў магчыма.

Працоўныя мовы: нямецкая, польская і руская (забяспечваецца пераклад).

Выдаткі: удзельнікі з Беларусі нясуць выдаткі на праезд ад месца пражывання да Менска і назад. Дортмундскі МАЦ як арганізацыя, якая здзяйсняе праект, бярэ на сябе ўсе астатнія выдаткі: пражыванне, сілкаванне, транспарт і ўсе пункты праграмы паездкі.

Падача заяўкі для ўдзелу:

- Падача заяўкі адбываецца ў рамках адкрытага конкурсу. Калі Вы жадаеце прыняць удзел у канферэнцыі, падайце, калі ласка, кароткую заяўку да 30 чэрвеня 2016 года.

- Для запаўнення фармуляра заяўкі скарыстайцеся наступнай спасылкай.

Пасля 18 ліпеня 2016 года прайшоўшыя адбор атрымаюць інфармацыю пра ўдзел, а таксама падрабязнасці далейшага арганізацыйнага працэсу. Вас у любым выпадку паінфармуюць па электроннай пошце, ці прайшлі Вы адбор.

Падрабязная інфармацыя, апісанне праекта, поўныя звесткі пра арганізатараў канферэнцыі можна знайсці на сайце Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна.

Каментары да навіны: