Экспедыцыя “Гарадзеншчына 2016” завершылася (+Фота)

2016-07-11

Экспедыцыя “Гарадзеншчына 2016” падышла да заканчэння. Удзельнікі экспедыцыі пакідаюць край велічных касцёлаў, “шляхты”, польскай веры  і “простай” мовы.

Намі сабрана ў Воранаўскім, Лідскім і Іўеўскім р-нах каля 60 інтэрв’ю, пераважная большасць рэспандэнтаў былі палякі каталіцкага веравызнання.

Калектывізацыя заняла вызначальнае месца ў жыцці старэйшага пакалення тутэйшых жыхароў. Нягледзячы на страх і варожасць мясцовых да калектыўнага гаспадарання, калгасы былі ўсё ж прыняты з тлумачэннем – “іх улада - іх права”. Але, здаецца, канчатковай саветызацыі мясцовага насельніцтва так ніколі і не адбылося.

Тутэйшая ідэнтычнасць, прынамсі, старэйшага пакалення трымаецца на рэлігійнай свядомасці і аўтарытэце касцёла. Тут дагэтуль адчуваецца адрозная лакальная самасвядомасць і пэўная аддаленасць і зачыненасць мясцовай супольнасці для знешняга свету.  Але, не зважаючы на гэта, перыяд усталявання калгаснага ладу застаўся важнай вяхой у мадэрнізацыі, гаспадарчай і сацыяльнай перабудове краю, з усімі непазбежнымі плюсамі і мінусамі гэтага беззваротнага працэсу.

Вобразы таго жыцця і надыйшоўшых пераўтварэнняў можна ўявіць не толькі са словаў рэспандэнтаў, але пабачыць і адчуць узіраючыся ў чорна-белая выявы фотаздымкаў з эпохі:

Палявая праца экспедыцыі скончаная, далейшы этап – карпатлівая апрацоўка сабраных матэрыялаў, сістэматызацыя і стварэнне новай архіўнай калекцыі.

БАВГ выказвае вялікую падзяку ўсім удзельнікам экспедыцыі за іх самаадданую працу!

Каментары да навіны: