Міжнародная летняя школа "Цяжкая спадчына і памяць у працэсе стварэння"

2016-08-21

З 1 па 12 жніўня 2016 года на тэрыторыі Беларусі і Літвы працавала міжнародная міждысцыплінарная перасоўная летняя школа па тэме "Спадчына адсутнасці. Памятаючы пра  нематэрыяльную мультыэтнічную спадчыну на паграніччы Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы".

Арганізатарамі выступілі Брэменскі ўніверсітэт, Навукова-даследчы цэнтр усходне-еўрапейскіх даследаванняў у Брэмене, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе, Вільнюскі ўніверсітэт і Гістарычная майстэрня пры Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё. Раў. Мерапрыемства стала магчымым дзякуючы падтрымцы фонду Фольксвагена.

Летняя школа была арыентавана на аспірантаў і маладых даследчыкаў, якія займаюцца гісторыяй, этнаграфіяй, даследаваннямі Ўсходняй Еўропы або сумежнымі дысцыплінамі. У якасці працоўнай мовы была абраная ангельская.

Разглядалася тэма спадчыны этнічных груп, якія былі страчаны з прычыны генацыду і траўматычнага перамяшчэння насельніцтва ў ХХ ст., т.зв. спадчына зладзейства. Мэтай мерапрыемства было знаёмства маладых навукоўцаў з нядаўняй гісторыяй гвалту ў гэтай частцы Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы і забеспячэнне іх міждысцыплінарнымі інструментамі для аналізу таго, як памяць пра адсутных (страчанае яўрэйскае насельніцтва, пераселеныя этнічныя меншасці, замоўчаныя гістарычныя аповеды) захоўваецца мясцовымі жыхарамі, уключаецца ў дамінуючыя наратывы (музейныя выставы, інфармацыйныя турыстычныя бюлетэні і г.д.) і выяўляецца ў прасторы (нябачныя і забытыя мясціны, звязаныя са зніклымі этнічнымі групамі, месцы Халакосту і іншыя спрэчныя месцы памяці).

Беручы ў якасці прыкладу літоўска-беларускае памежжа, арганізатары летняй школы прапанавалі для ўдзельнікаў унікальныя практычныя семінары па гістарычнай і этналагічнай метадалогіі. Варкшопы і трэнінгі праводзіла міжнародная група адмыслоўцаў (вядучыя спецыялісты з Германіі, Літвы, Беларусі і Польшчы). Выступы запрошаных экспертаў сумяшчаліся з палявымі даследаваннямі, што дазволіла маладым даследчыкам выкарыстаць на практыцы атрыманыя навыкі ў вуснагісторычным інтэрв'юяванні, здымцы мінівідэа-праектаў па праблемах месцаў памяці і ў лічбавай гісторыі ( digital history ).

Супрацоўнікі Беларускага архіва вуснай гісторыі бралі актыўны ўдзел у летняй школе як у якасці слухачоў, так і трэнераў. У прыватнасці, Ірына Кашталян – каардынатар праетка БАВГ – была запрошана для правядзення семінараў як знаўца-гісторык і эксперт па вуснай гісторыі ў Беларусі. Яна таксама суправаджала і кансультавала даследчыцкія групы па вуснай гісторыі на працягу беларускай частцы праграмы. Сярод маладых даследчыкаў, якія праходзілі навучанне ў летняй школе, былі ўдзельнікі і валанцёры праекта БАВГ: Вольга Цадко, Таццяна Касатая, Уладзімір Валодзін і Ягор Сурскі.

Сабраныя падчас працы школы матэрыялы знаходзяцца ў апрацоўцы і будуць прадстаўлены на сайце Брэменскага ўніверсітэта ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу аб стане памяці пра мультыкультурнае мінулае у трансгранічным рэгіёне Літвы і Беларусі. А ў наступным годзе ўдзельнікі школы працягнуць працаваць з дадзенай тэмай, але ўжо на тэрыторыі Германіі.

Каментары да навіны: