У кожнай краіны маецца свая нацыянальная гісторыя

2016-11-04

Беларускія гісторыкі і журналісты прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Ці бярэм мы ўрокі ў гісторыі? Культура памяці як шлях да еўрапейскага ўзаемаразумення». Канферэнцыя прайшла 27-30 кастрычніка ў Варшаве і яе ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі пяці краін: Беларусі, Польшчы, Германіі, Украіны і Расіі. Названыя краіны прадстаўлялі каля 100 чалавек.

Канферэнцыя сабрала разам не толькі навукоўцаў, але і журналістаў

Гэта канферэнцыя стала лагічным працягам леташняй адукацыйнай паездкі «Перспектывы агульнаеўрапейскай культуры памяці». Роўна год таму сорак гісторыкаў і журналістаў, каб зафіксавць і абмеркаваць сітуацыю з культурай памяці ў Еўропе, наведалі Мінск, Кшыжова/Крэйзаў, Вроцлаў, Дрэздэн і Берлін. Разам з наведваннем музеяў, помнікаў, іншых мясцін памяці, удзельнікі семінара праводзілі актыўныя дыскусіі па тэме.

Прадстаўнікі Беларусі: Андрэй Мастыка, Аляксандр Далгоўскі і Аляксей Братачкін

Удзельнікі мінулагодняга мерапрыемства дзяліліся сваімі ўяўленнямі пра вайну, жыццёвымі гісторыямі старэйшых пакаленняў, лёс якіх кранула Другая Сусветная. Семінар дапамог зразумець, што вайна ў рэшце рэшт прынесла бедствы не толькі тым, хто стаў ахвярай агрэсіі, але і самім агрэсарам. Гісторыкі і журналісты змаглі параўнаць ваенныя музеі ў Мінску і Дрэздэне і ўбачыць іх адрозненні: у Дрэздэне музей, па сутнасці, антываенны, а ў Мінску яшчэ савецка-ідэалагічны. Удзельнікі семінара наведалі сядзібу ў Кшыжова/Крэйзаў, дзе працаваў антыгітлераўскі гурток фон Мольтке. Існаванне такого гуртка падчас вайны стала для многіх адкрыццём. Было надзвычай цікава даведацца, як нашчадак ваеннага генерала, зразумеўшы падступныя задумкі Гітлера і яго акружэння, пачаў асэнсоўваць будучае новай Германіі – дэмакратычнай прававой дзяржавы. А гісторыя пра ліст польскіх япіскапаў сваім нямецкім калегам уразіла тым, што ахвяры – палякі – першыя працягнулі руку сяброўства пасля вайны.

Аляксей Братачкін падчас абмеркавання 

Як мы бачым, на леташнім семінары размовы і дыскусіі вяліся вакол тэмы Другой Сусвенай вайны. Праблемы, якія не адносяцца да тэмы вайны, тады не ўздымалася. Засяроджанасць першага семінара толькі на адной тэме і адсутнасць абмеркавання нацыянальных дыскурсаў стварала ўражанне, што вайну з аднаго боку асэнсоўвала Германія, а з другога – нібыта не самастойныя краіны-суб’екты, а спадкаемцы СССР.

Помнік Янушу Корчаку, які не пакінуў дзяцей у самы страшны час

На канферэнцыі, якая прайшла ў кастрычніку 2016 г., падыход да тэрміна «культура памяці» значна пашырыўся. Асноўная тэма – асэнсаванне гісторыі ва ўмовах супярэчнасцей паміж нацыянальнай традыцыяй і еўрапейскім узаемапаразуменнем. Прадстаўнікі кожнай краіны-удзельніка зрабілі некалькі выступленняў пра нацыянальныя наратывы. І гэта сапраўды пераход на іншы ўзровень дыскусіі. Бо ў кожнай краіны маецца свая нацыянальная гісторыя. У Беларусі яна найбольш шырока даследавана і прадстаўлена на партале Беларускага архіва вуснай гісторыі. Нацыянальная гісторыя кожнай еўрапейскай краіны цесна звязана з Другой Сусветнай. І таму і нацыянальнаму, і агульнаеўрапейскаму мы павінны надаваць увагу і асэнсоўваць іх. Што і паспрабавала зрабіць сёлетняя канферэнцыя.

Удзельнікі канферэнцыі запальваюць знічы ў памяць аб ахвярах Трэблінкі

На канферэнцыі адзін з яе арганізатараў, Антон Маркштэдзер прадставіў канцэпцыю будучага інтэрнет-партала па культуры памяці. Партал пакліканы паставіць дыялог па гэтай тэме паміж краінамі Еўропы на новы якасны ўзровень. У ім будуць наступныя раздзелы: белыя плямы гісторыі, канфлікт памяці (пра падзеі, на якія існуе некалькі поглядаў), барацьба за свабоду, месцы памяці, вехі ўзаемаразумення і слоўнік непаразуменняў. Мяркуецца, што партал актыўна запрацуе ў наступным годзе.

Мемарыяльны комплекс на месцы концлагера «Трэблінка»

Напрыканцы канферэнцыі ўдзельнікі ў рэжыме мазгавога штурма прадумвалі далейшыя крокі: якія мерапрыемствы можа зрабіць кожная дэлегацыя па прыездзе дахаты. У якасьці адной з цікавых ідэй прагучала наступная. Выбраць некалькі маладых людзей, якія зацікаўлены ў даследаванні гісторыі сваёй сям’і, узброіць іх метадалагічнымі ведамі і тэхнічнымі сродкамі і сачыць за іх даследаваннем сямейных гісторый, напрыклад, на працягу года. Але не проста сачыць, а актыўна публікаваць у СМІ ход даследавання і высновы, якія робяць маладыя людзі: чаму адбыліся тыя ці іншыя падзеі? Ці магло быць інакш? Чаму іх сваякі зрабілі пэўны выбар і чаму не іншы? Як можна зразумець матывацыю ворагаў? Як прымірыцца і да чаго вядзе прымірэнне? Такіх пытанняў можна задаваць шмат, але галоўнае, каб моладзь удзельнічала ў працэсе асэнсавання сваёй гісторыі пастаянна, а не толькі ў сценах семінараў і канферэнцый. 

У пошуках шляхоў прыцягнення моладзі да зацікаўленасці сваёй гісторыяй

Аляксей Чубат, спецыяльна для БАВГ

 

Каментары да навіны: